Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Ноч вызвалення была прадвешчана айцам нашым, каб яны падбадзёрыліся, цвёрда ведаючы, якім абяцанням паверылі. Народ Твой чакаў выратавання справядлівых і згубы сваіх ворагаў. Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас.
Праведныя дзеці добрых патаемна прыносілі ахвяры і ў згодзе ўстанавілі Боскі закон, каб святыя аднолькава саўдзельнічалі ў тым самым дабры і небяспецы. І яны пачалі ўжо спяваць гімны айцоў.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівы народ, які Пан сабе выбраў.
1. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
Рэфрэн:
18. Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.
Рэфрэн:
20. Душа наша чакае Пана, *
Ён — наша дапамога і абарона.
22. Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Ён чакаў горада, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз яе старэйшыя атрымалі сведчанне.
Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і накіраваўся да месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе. Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі, як на чужыне, жывучы ў шатрах з Ісаакам і Якубам, сунаследнікамі таго самага абяцання. Бо ён чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог.
Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла вартым даверу таго, хто даў абяцанне. Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, як зорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Чувайце і будзьце гатовыя,
бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну,
калі вы не думаеце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Шчаслівыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.
Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ