ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Будзь мужны і адважны, Езус Навін, бо ты ўвойдзеш з народам у зямлю
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей пайшоў і, прамовіўшы да ўсяго Ізраэля гэтымі словамі, сказаў ім: Сёння мне сто дваццаць гадоў, я ўжо не магу свабодна хадзіць, тым больш што і Пан сказаў мне: Ты не пяройдзеш гэтага Ярдана. Пан, Бог твой, сам пяройдзе перад Табою. Ён знішчыць гэтыя народы перад табою, і ты авалодаеш імі. Езус Навін пойдзе перад табою, як абяцаў Пан. І Пан зробіць ім, як зрабіў амарэйскім каралям Сігону і Огу, а таксама зямлі іхняй, калі знішчыў іх. Пан аддасць іх вам, а вы зробіце з імі паводле ўсіх наказаў, што я даў вам. Будзьце мужныя і адважныя, не бойцеся і не палохайцеся іх, бо сам Пан Бог твой пойдзе з табою, Ён не адступіцца і не пакіне цябе.
І паклікаў Майсей Езуса Навіна, і сказаў яму перад усім Ізраэлем: Будзь мужны і адважны, бо ты ўвойдзеш з гэтым народам у зямлю, якую Пан пакляўся даць айцам іхнім, а ты аддасі яе ім ва ўладанне. Пан сам пойдзе перад табою і будзе з табою, Ён не адступіцца і не пакіне цябе. Не бойся і не палохайся.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Гэты народ — уласнасць Пана.
3. Паколькі буду абвяшчаць імя Пана, *
аддайце хвалу нашаму Богу.
4. Ён скала, *
дасканалыя справы Яго.
Рэфрэн:
7. Успомні пра даўнія дні, *
разважайце пра гады многіх пакаленняў.
Спытайся ў бацькі свайго, ён табе абвесціць, *
у старэйшых сваіх, і яны табе раскажуць.
Рэфрэн:
8. Калі Найвышэйшы раздаваў спадчыну народам, *
калі дзяліў сыноў чалавечых,
Ён усталіў межы народаў *
паводле ліку сыноў Ізраэля.
Рэфрэн:
9. Бо частка Пана — народ Ягоны, *
Якуб — прызначэнне Ягонай спадчыны.
12. Пан сам вёў яго, *
і не было з ім чужога бога.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Я з’еў гэты скрутак, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан:
Ты, сыне чалавечы, слухай, што Я кажу табе: Не бунтуйся, як гэты мяцежны дом. Адкрый вусны свае і з’еш, што Я дам табе.
І ўбачыў я: вось рука працягнута да мяне, а ў ёй — скрутак кнігі. Ён разгарнуў яго перада мною. А ён быў спісаны з абодвух бакоў, а запісаны на ім былі галашэнне, стагнанне і гора.
І сказаў мне: Сыне чалавечы, з’еш тое, што перад табою, з’еш гэты скрутак і ідзі, гавары дому Ізраэля. Я адкрыў свае вусны, і Ён даў мне з’есці гэты скрутак, кажучы мне: Сыне чалавечы, напоўні свой жывот і насыць сваё нутро гэтым скруткам, што Я даю табе. І я з’еў яго, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд.
Тады сказаў мне: Сыне чалавечы, ідзі, скіруйся да дому Ізраэля і гавары да іх Маімі словамі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Якія салодкія словы Твае, Пане.
14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
24. Тваё ж сведчанне — гэта маё суцяшэнне, *
парада для мяне.
Рэфрэн:
72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.
103. Якія салодкія словы Твае для майго паднябення, *
саладзейшыя за мёд для маіх вуснаў.
Рэфрэн:
111. Твае сведчанні — мая спадчына навекі, *
бо яны — радасць майго сэрца.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і навучыцеся ад Мяне, — кажа Пан, —
бо Я ціхі і пакорны сэрцам.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.
Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ