Будуць есці, і застанецца
Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Адзін чалавек прыйшоў з Баалшаліша і прынёс чалавеку Божаму хлеб пачаткаў, дваццаць ячменных хлябоў і свежае збожжа ў торбе сваёй. І сказаў Элія: Дай людзям, каб елі. І сказаў слуга ягоны: Як магу я пакласці гэта перад сотняю чалавек? Ён зноў сказаў: Дай людзям, каб елі. Бо так кажа Пан: будуць есці, і застанецца. Тады паклаў перад імі, і елі яны, і засталося, паводле слова Пана.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан насычае нас удосталь.
10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.
Рэфрэн:
15. Вочы ўсіх з надзеяй глядзяць на Цябе, *
і Ты даеш ім ежу ў свой час.
16. Ты адкрываеш сваю руку *
і ўдосталь насычаеш усё жывое.
Рэфрэн:
17. Пан справядлівы на ўсіх сваіх шляхах *
і верны ва ўсіх сваіх справах.
18. Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча, *
да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Адно цела, адзін Пан, адна вера, адзін хрост
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.
Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
і Бог наведаў свой народ.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Раздаў тым, хто сядзеў, колькі хто хацеў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус адышоў на другі бок Галілейскага або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі.
Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.
Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.
Філіп адказаў Яму: Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта для такога мноства?
Езус сказаў: Загадайце ім сесці. А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.
Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.
Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ