Пошук

06.07.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 18, 20–32

Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Пан сказаў Абрагаму: Узмоцніўся крык супраць Садома і Гаморы, і грахі іхнія сталі вельмі цяжкімі. Сыду і пагляджу, ці сапраўды чыняць згодна з нараканнем, якое даходзіць да Мяне, ці не; Я даведаюся.

I павярнуліся мужы гэтыя, і пайшлі у Садом. Абрагам жа яшчэ стаяў перад Панам. Наблізіўшыся, Абрагам сказаў: Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?  Калі знойдзецца ў горадзе пяцьдзесят справядлівых, няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш горад дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэтак, каб забіць справядлівага з нягоднікам, і ўчыніць са справядлівым, як з нягоднікам, не рабі так!  Ці ж суддзя ўсёй зямлі не чыніць правасуддзя?

I Пан сказаў: Калі я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзесят справядлівых, то Я дарую ўсяму гораду дзеля іх.

I сказаў Абрагам у адказ: Вось я, будучы пылам і попелам, адважыўся гаварыць з Панам. А што, калі да пяцідзесяці будзе неставаць пяці справядлівых? Знішчыш ўвесь горад дзеля пяці?

Ён сказаў: Не знішчу, калі знайду там сорак пяць.

I зноў кажа Яму: Можа, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: Не ўчыню і дзеля сарака. I сказаў: Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу: можа, знойдзецца там трыццаць.

Ён сказаў: Не ўчыню, калі знайду там трыццаць.

I сказаў: Вось жа я пачаў гаварыць з Панам: можа, знойдзецца там дваццаць?

Ён сказаў: Не зруйную дзеля дваццаці.

I сказаў: Прашу, няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу яшчэ раз: можа, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: Не знішчу дзеля дзесяці.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 6–7ab. 7c–8  (Р.: пар. 3а)

Рэфрэн: Пан мяне пачуў, калі Яго паклікаў.

1. Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, *
бо пачуў Ты словы вуснаў маіх.
Перад Анёламі спяваю Табе, *
2. кланяюся перад святой Тваёй святыняй.

Рэфрэн:

Слаўлю імя Тваё *
за міласэрнасць Тваю і вернасць.
3. У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, *
павялічыў моц маёй душы.

Рэфрэн:

6. Узнёслы Пан бачыць пакорнага, *
а ганарыстага пазнае здалёку.
7. Калі я пайду сярод няшчасця, Ты мяне падтрымаеш, *
выцягнеш руку сваю супраць гневу маіх ворагаў.

Рэфрэн:

Твая правіца ратуе мяне. *
8. Пан усё зробіць за мяне.
Міласэрнасць Твая, Пане, навекі, *
спраў рук Тваіх не пакідай.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Клс 2, 12–14

Вас Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе грахі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Пахаваныя ў хросце разам з Езусам, вы ўваскрэслі таксама ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых.

І вас, мёртвых праз грахі і неабразанне цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы ўсе грахі. Ён сцёр запіс нашых даўгоў адносна пастановаў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Рым 8, 15bc

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Мы прынялі Духа ўсынаўлення,
у якім клічам: Абба, Ойча.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 11, 1–13

Прасіце, і будзе дадзена вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.

Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:
Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.

Затым сказаў ім: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.

Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 27.07.2022 10:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа