ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Прыйшоў Майсей з гары і пераказаў народу ўсе словы Пана і ўсе Яго пастановы. І ўвесь народ адказаў аднагалосна: Усе словы, якія сказаў Пан, выканаем.
І напісаў Майсей усе словы Пана. А ўстаўшы рана, пабудаваў ахвярнік пад гарою і дванаццаць слупоў паводле дванаццаці плямёнаў Ізраэля. І паслаў юнакоў, сыноў Ізраэля, каб яны прынеслі Пану ахвяру ўсеспалення і мірную ахвяру з маладых быкоў.
Пасля ўзяў Майсей палову крыві і наліў яе ў місы, а другую палову крыві выліў на ахвярнік. Потым узяў кнігу Запавету і прачытаў уголас людзям, і сказалі яны: Усё, што сказаў Пан, зробім, і будзем паслухмянымі.
Майсей узяў кроў, акрапіў народ і сказаў: Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі паводле ўсіх гэтых слоў.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Прынось Богу ахвяру падзякі.
2. Прамовіў Пан, Бог над багамі *
і паклікаў зямлю ад усходу да захаду сонца.
2. Бог заззяў з Сіёна,
з дасканалай красы.
Рэфрэн:
7. Збярыце да Мяне верных Маіх, *
якія праз ахвяру заключылі са Мной запавет.
8. І нябёсы абвесцяць Яго справядлівасць, *
таму што сам Бог — суддзя.
Рэфрэн:
14. Прынось Богу ахвяру падзякі *
і выконвай свае абяцанні перад Найвышэйшым.
15. Кліч Мяне ў дзень нядолі, *
Я ўратую цябе, а ты Мяне праславіш.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ці гэты дом, над якім заклікалі Маё імя, стаў на вашых вачах пячораю злачынцаў?
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Слова, якое скіраваў Пан да Ераміі: Стань у брамах дому Пана і абвяшчай там слова гэтае, кажучы: слухайце слова Пана, усе з Юды, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы, каб пакланіцца Пану. Так кажа Пан Магуццяў, Бог Ізраэля: Папраўце шляхі вашы і ўчынкі вашы, і Я дазволю вам жыць на гэтым месцы. Не верце падманлівым словам, кажучы: Святыня Пана, святыня Пана, святыня Пана.
Бо калі вы сапраўды паправіце шляхі вашы і ўчынкі вашы; калі будзеце судзіць справядліва чалавека і яго бліжняга; калі не будзеце ўціскаць чужынцаў, сірот і ўдоваў; калі не будзеце праліваць бязвіннай крыві ў гэтым месцы і хадзіць за чужымі багамі сабе на згубу — тады Я дазволю вам жыць на гэтым месцы — на зямлі, якую даў бацькам вашым адвеку і навекі.
Вось вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія вам не дапамогуць. Ці будзеце красці, забіваць, чужаложыць, клясціся фальшыва, кадзіць Баалу, хадзіць за чужымі багамі, якіх вы не ведаеце, а потым прыходзіць і станавіцца перада Мной у гэтым доме, над якім заклікалі Маё імя, і казаць: Мы ў бяспецы, — каб далей рабіць усю гэтую агіду. Ці гэты дом, над якім заклікалі Маё імя, стаў на вашых вачах пячораю злачынцаў? Вось Я таксама гэта ўбачыў, — кажа Пан.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Мілыя шатры Твае, Пане Магуццяў.
3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.
Рэфрэн:
4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка сабе гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.
Рэфрэн:
5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
6. Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
8. Моц іхняя будзе ўзрастаць.
Рэфрэн:
11. Бо адзін дзень на Тваіх дзядзінцах *
лепшы за тысячу іншых;
лепш буду стаяць на парозе дому майго Бога, *
чым жыць у шатрах грэшнікаў.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова,
якое можа збавіць вашыя душы.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Пакіньце расці разам тое і другое да жніва
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы:
Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і сышоў. Калі ж збажына прарасла і дала плод, тады з’явіўся таксама каласоўнік.
І прыйшлі слугі гаспадара дому, і сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён адказаў ім: Вораг зрабіў гэта. Тады слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не. Бо, выбіраючы каласоўнік, вы можаце павырываць разам з ім і пшаніцу. Пакіньце да жніва расці разам тое і другое. А ў час жніва я скажу жняцам: Збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў гумно маё.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ