Пошук


05.07.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дрг 30, 10–14

Гэта слова блізкае да цябе, каб ты мог выконваць яго

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Будзеш слухацца голасу Пана Бога твайго, захоўваць запаведзі і наказы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе Закону, і вернешся да Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.

Запаведзь, якую сёння даю табе, — гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе. Яна не ў нябёсах, каб можна было сказаць: Хто б узышоў для нас ў неба і прынёс яе нам, каб мы слухалі і выконвалі яе? І не за морам яна, каб вы казалі: Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам, каб мы змаглі слухаць і выконваць яе? Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 69 (68), 14 і 17. 30–31. 33–34. 36аb і 37 (Р.: пар. 33)

Рэфрэн: Ажыве сэрца шукаючых Бога.

14. Я ўзношу да Цябе маю малітву, Пане, у час ласкавасці, Божа. *
Пачуй мяне ў вялікай сваёй міласэрнасці,
у праўдзе Твайго збаўлення.
17. Пачуй мяне, Пане, бо шчодрая міласць Твая, *
глянь на мяне паводле вялікай дабрыні сваёй.

Рэфрэн:

30. Я ж бедны і пакутую; *
дапамога Твая, Божа, няхай падтрымае мяне.
31. Я буду славіць імя Божае, *
удзячным спевам буду ўзвялічваць Яго.

Рэфрэн:

33. Убачаць убогія і ўсцешацца, *
і ажыве сэрца тых, хто шукае Бога.
34. Бо Пан слухае бедных *
і не пагарджае вязнямі сваімі.

Рэфрэн:

36. Бог збавіць Сіён і адбудуе гарады Юды, *
і будуць жыць там, і атрымаюць у спадчыну яго.
37. Гэта будзе спадчынай патомства слуг Ягоных, *
і тыя, хто любіць імя Бога, паселяцца там.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Клс 1, 15–20

Усё праз Яго і для Яго створана

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Хрыстус з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён — Галава Цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Ян 6, 63с. 68с
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Словы Твае, Пане, — гэта Дух і жыццё;
Ты маеш словы вечнага жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 10, 25–37

Хто мой бліжні?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?

Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць.

Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні?

Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі  дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?

Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі таксама.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця