Пошук


05.07.2010 01:00  
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 32, 23–33

Будзеш звацца Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Якуб падняўся ўначы, узяў дзвюх сваіх жонак, дзвюх служанак і адзінаццаць дзяцей сваіх і пераправіўся бродам праз Яббок. Узяўшы і перавёўшы іх праз паток, ён пераправіў таксама ўсё, што яму належала, і застаўся адзін.

І вось нейкі муж змагаўся з ім аж да раніцы. А калі ўбачыў, што не можа перамагчы Якуба, дакрануўся да сустава сцягна ягонага, і адразу звіхнуўся сустаў сцягна Якуба падчас змагання. І сказаў муж: Адпусці мяне, бо ўжо світае. Але Якуб адказаў: Не адпушчу, калі ты не благаславіш мяне. Той сказаў яму: Як цябе зваць? Ён адказаў: Якуб. Тады муж сказаў: Адгэтуль не будзеш звацца Якубам, але Ізраэлем, бо ты змагаўся з Богам і людзьмі і перамог! Якуб спытаўся ў яго: Прашу цябе, назаві сваё імя. Той адказаў: Чаму пытаешся пра маё імя? І благаславіў яго там. Якуб жа даў гэтаму месцу назву Пэнуэль, кажучы: Я бачыў Бога тварам ў твар, і застаўся жывым.  

І ўзышло сонца над ім, калі ён пераходзіў праз Пэнуэль. І ён кульгаў на сцягно. З гэтай прычыны сыны Ізраэля аж да сённяшяга дня не спажываюць жылы, якая ў суставе сцягна, таму што Якуб быў крануты ў жылу сцягна.    

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 17 (16), 1. 2–3. 6–7. 8 і 15  (Р.: 15а)

Рэфрэн: Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча.

1. Пачуй, Пане, маю справядлівасць, *
выслухай маю просьбу,
прымі маю малітву *
з непадманлівых вуснаў.

Рэфрэн:

2. Ад аблічча Твайго няхай выходзіць прысуд мой, *
няхай бачаць вочы Твае праведнасць.
3. Ты праверыў маё сэрца і ноччу мяне наведаў, *
выпрабоўваў мяне і не знайшоў несправядлівасці ўва мне.

Рэфрэн:

6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *
схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.
7. Пакажы цуды міласэрнасці сваёй, †
Збаўца, які ратуеш ад ворагаў тых, *
хто спадзяецца на Тваю правіцу.

Рэфрэн:

8. Сцеражы мяне, як зрэнку вока, *
у цені Тваіх крылаў схавай мяне.
15. Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча, *
калі прачнуся, буду насычацца Тваім абліччам.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ос 8, 4–7. 11–13

Яны пасеюць вецер, а пажнуць буру

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Паставілі ў Ізраэлі каралёў, але не ад Мяне;
паставілі кіраўнікоў, і Я не ведаў:
са срэбра свайго і золата свайго
зрабілі для сябе ідалаў на згубу.
Я адкідаю цяльца твайго, Самарыя.
Распаліўся гнеў Мой на цябе.
Дакуль яшчэ не змогуць ачысціцца
сыны Ізраэля.
Цяльца зрабіў рамеснік,
і ён не Бог.
Але разаб’ецца на кавалкі
самарыйскі цялец.
Яны пасеюць вецер,
а пажнуць буру.
Збожжа без каласоў
не дасць мукі.
А калі нават і ўродзіць,
чужынцы ўсё з’ядуць.
Таму што Эфраім памножыў алтары для грэху,
і яны сталі для яго ахвярнікамі граху.
Я напісаў яму свае шматлікія законы,
але яны палічылі іх чымсьці чужым.
Яны любяць ахвяры,
рэжуць ахвярнае мяса і спажываюць,
але Пану не падабаецца гэта.
Цяпер Ён узгадае пра несправядлівасць іх
і пакарае за іхнія грахі:
яны вернуцца ў Егіпет.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 115 (113B), 3–4. 5–6. 7аb–8. 9–10  (Р.: 9а)

Рэфрэн: Ізраэль, спадзявайся на Пана.

3. Бог наш у нябёсах, *
чыніць усё, што захоча.
4. Іхнія ідалы — гэта срэбра і золата, *
справа рук чалавечых.

Рэфрэн:

5. Маюць вусны, але не гавораць, *
маюць вочы, але не бачаць.
6. Вушы маюць, але не чуюць, *
маюць нос, але не адчуваюць паху.

Рэфрэн:

7. Маюць рукі, але не дакранаюцца, *
ногі маюць, але не ходзяць.
8. Тыя, хто іх робіць, прыпадобняцца да іх, *
і ўсе, хто на іх спадзяецца.

Рэфрэн:

9. Ізраэль, спадзявайся на Пана, *
Ён — твая дапамога і абарона.
10. Дом Аарона, спадзявайся на Пана, *
бо Ён — твая дапамога і абарона.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10, 14
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — добры пастыр, — кажа Пан, —
і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 9, 32–38

Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І людзі казалі са здзіўленнем: Ніколі не было такога ў Ізраэлі. А фарысеі казалі: Князем дэманаў Ён выганяе злых духаў.

Абходзіў Езус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.

Убачыўшы натоўпы людзей, Ён злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра.

Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.