ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Убачыў лесвіцу і Анёлаў Божых, якія ўзыходзілі і сыходзілі па ёй
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і скіраваўся да Харана. Дайшоўшы да пэўнага месца, ён захацеў адпачыць пасля захаду сонца. Узяў адзін з камянёў, што там ляжалі, падклаў сабе пад галаву і заснуў на гэтым месцы.
І ўбачыў у сне лесвіцу, якая стаяла на зямлі і сваім верхам дасягала да неба, а таксама Анёлаў Божых, якія ўзыходзілі і сыходзілі па ёй. І вось Пан стаяў над ёю і казаў:
Я — Пан, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім. І тваё патомства будзе як пыл зямны; і ты пашырышся на захад і на ўсход, на поўнач і поўдзень; і благаслаўлёныя будуць ў табе і ў патомстве тваім ўсе плямёны зямлі. Вось Я з табою і буду захоўваць цябе, куды б ты ні пайшоў, і вярну цябе на гэтую зямлю. І не пакіну цябе, пакуль не выканаю ўсяго, што абяцаў табе.
Калі Якуб прачнуўся, сказаў: Сапраўды Пан ёсць на месцы гэтым, а я не ведаў. І з бояззю казаў: Якое страшнае тое месца! Гэта нішто іншае, як дом Божы і брама ў неба.
Устаўшы рана, Якуб узяў камень, які падкладаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў зверху алей на яго. І назваў гэтае месца Бэтэль, раней жа яно называлася Люз.
Пасля Якуб пакляўся, кажучы: Калі Бог будзе са мною і захавае мяне на гэтым шляху, якім я іду; калі Ён дасць мне хлеб для спажытку і адзенне, каб апрануцца; калі я паспяхова вярнуся да дому бацькі майго, тады Пан будзе для мяне Богам, а гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Божа мой, на Цябе спадзяюся.
1. Хто жыве пад аховаю Найвышэйшага *
і знаходзіцца ў цені Усемагутнага,
2. той скажа Пану: Ты маё прыстанішча і мая цвярдыня, *
Божа мой, на Цябе спадзяюся.
Рэфрэн:
3. Ён сам цябе вызваліць з сеткі паляўнічага *
і ад слова, што нясе пагібель.
4. Пер’ем сваім цябе ахіне, *
і ты схаваешся пад Ягонымі крыламі.
Рэфрэн:
14. За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; *
абараню яго, бо ён пазнаў Маё імя.
15. Пакліча Мяне, і адкажу яму, *
Я буду з ім ва ўціску.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Заручуся з табою навекі
Чытанне кнігі прарока Осіі.
Так кажа Пан:Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню
і буду прамаўляць да яе сэрца.
І там заспявае яна,
як у дні маладосці сваёй
і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.
І ў той дзень, — кажа Пан, —
ты будзеш клікаць Мяне «Муж мой»,
і не будзеш больш звяртацца да Мяне «мой Баал».
Я заручуся з табою навекі;
заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі,
у міласці і міласэрнасці.
Заручуся з табою ў вернасці,
і ты пазнаеш Пана.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пан міласэрны і ласкавы.
2. Кожны дзень благаслаўляць Цябе буду *
і ўсхваляць імя Тваё на векі вечныя.
3. Вялікі Пан і годны вялікай хвалы, *
неспасцігальная веліч Яго.
Рэфрэн:
4. З пакалення ў пакаленне будуць хваліць Твае справы *
і абвяшчаць Тваю магутнасць.
5. Пра ўзнёсласць хвалы велічы Тваёй *
і пра цудоўныя Твае справы буду разважаць.
Рэфрэн:
6. Будуць казаць пра моц Тваіх грозных справаў *
і абвяшчаць Тваю веліч.
7. Абвесцяць успамін Тваёй вялікай дабрыні *
і ўзрадуюцца Тваёй справядлівасці.
Рэфрэн:
8. Пан міласэрны і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Пан добры да ўсіх, *
і міласэрнасць Яго над усімі стварэннямі Ягонымі.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і яна будзе жыць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус гаварыў з імі, да Яго падышоў адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: У мяне толькі што памерла дачка, але прыйдзі і ўскладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць.
Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім. І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакраналуся да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею. Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: Будзь адважнай, дачка: твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай.
Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп і сказаў: Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, але спіць. І насміхаліся з Яго. А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў і ўзяў дзяўчыну за руку, і яна ўстала.
І разышлася пагалоска пра гэта па ўсёй гэтай зямлі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ