Гэта ўзбунтаваны дом, аднак даведаюцца, што прарок ёсць сярод іх
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:
Дух увайшоў у мяне і паставіў мяне на ногі. І я слухаў таго, хто прамаўляў да мяне. Ён сказаў мне: Сыне чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, які ўзбунтаваўся супраць Мяне. Яны і айцы іхнія паўставалі супраць Мяне аж да гэтага дня. Тыя, да каго Я цябе пасылаю, гэта сыны з упартым тварам і жорсткім сэрцам. І скажаш ім: Так кажа Пан Бог.
Ці паслухаюць яны, ці пагардзяць, бо гэта ўзбунтаваны дом, аднак даведаюцца, што прарок ёсць сярод іх.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Нашыя вочы звернуты да Пана.
1. Да Цябе ўздымаю свае вочы, *
які жывеш у нябёсах.
2. Так як вочы слугаў звернуты *
на рукі іх гаспадароў.
Рэфрэн:
Як вочы служанкі — *
на рукі яе гаспадыні,
так нашыя вочы — да Пана, Бога нашага, *
пакуль Ён не злітуецца над намі.
Рэфрэн:
3. Злітуйся над намі, злітуйся, о Пане, *
бо мы ўжо ўдосталь сытыя пагардай.
4. Душа наша насычана досыць*
здзекамі дзёрзкіх і пагардай ганарлівых.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Каб я не хваліўся нязвыкласцю аб’яўленняў, дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне. Таму я тройчы маліў Пана аб тым, каб адвёў яго ад мяне. Але Пан сказаў мне: Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці.
Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні, уціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ён паслаў Мяне абвяшчаць Евангелле ўбогім.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.
Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.
А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім.
Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ