ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?
Чытанне кнігі Быцця.
Калі мужы адышлі ад дубоў Мамрэ, яны скіраваліся ў Садом. Абрагам ішоў разам з імі, каб правесці іх. І сказаў Пан: Ці магу Я ўтаіць ад Абрагама тое, што павінен зрабіць, бо ён стане вялікім і магутным народам, і будуць благаслаўлёныя ў ім усе народы зямлі? Бо Я выбраў яго, каб ён наказаў сваім дзецям і свайму дому пасля сябе трымацца шляху Пана і чыніць справядлівасць і правасуддзе, каб Пан здзейсніў на Абрагаме ўсё, што казаў яму. I сказаў Пан: Узмоцніўся крык супраць Садома і Гаморы, і грахі іхнія сталі вельмі цяжкімі. Сыду і пагляджу, ці сапраўды чыняць згодна з нараканнем, якое даходзіць да Мяне, ці не; Я даведаюся.
I павярнуліся мужы гэтыя, і пайшлі ў Садом. Абрагам жа яшчэ стаяў перад Панам. Наблізіўшыся, Абрагам сказаў: Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам? Калі знойдзецца ў горадзе пяцьдзесят справядлівых, няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш горада дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэтак, каб забіць справядлівага з нягоднікам, і ўчыніць са справядлівым, як з нягоднікам, не рабі так! Ці ж суддзя ўсёй зямлі не чыніць правасуддзя?
I Пан сказаў: Калі я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзесят справядлівых, то Я дарую ўсяму гораду дзеля іх.
I сказаў Абрагам у адказ: Вось я, будучы пылам і попелам, адважыўся гаварыць з Панам. А што, калі да пяцідзесяці будзе неставаць пяці справядлівых? Знішчыш ўвесь горад дзеля пяці?
Ён сказаў: Не знішчу, калі знайду там сорак пяць.
I зноў кажа Яму: Можа, знойдзецца там сорак.
Ён сказаў: Не ўчыню і дзеля сарака.
I сказаў: Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу: можа, знойдзецца там трыццаць.
Ён сказаў: Не ўчыню, калі знайду там трыццаць.
I сказаў: Вось жа, я пачаў гаварыць з Панам: можа, знойдзецца там дваццаць?
Ён сказаў: Не зруйную дзеля дваццаці.
I сказаў: Прашу, няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу яшчэ раз: можа, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: Не знішчу дзеля дзесяці.
I адышоў Пан, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся на сваё месца.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.
13. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
14. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.
Рэфрэн:
15. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
16. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.
Рэфрэн:
8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Не злуецца вечна *
і не палае гневам навекі.
Рэфрэн:
10. Не чыніць з намі паводле грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.
11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Сціраюць у пыл галовы бедных
Чытанне кнігі прарока Амоса.
Так кажа Пан:
За тры злачынствы Ізраэля і за чатыры не адвярну свайго пакарання, бо справядлівага прадаюць за срэбра і беднага — за пару сандаляў. Сціраюць у пыл зямны галовы бедных і шлях паслухмяных скрыўляюць. Бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб знеслаўляць Маё святое імя. На вопратцы, узятай у заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка і віно асуджаных п’юць у доме Бога свайго. А Я знішчыў перад абліччам іх Амарэя, які быў высокі як кедр і моцны, як дуб; Я знішчыў плод яго наверсе і карэнне яго ўнізе.
А вас Я вывеў з зямлі егіпецкай і вадзіў вас па пустыні сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэйскую. Вось Я прыцісну вас да зямлі, як цісне воз, нагружаны снапамі. І хуткі не зможа ўцячы, і моцны не ўзмоцніць сваёй сілы, і магутны не ўратуе свайго жыцця, не выстаіць ні лучнік, ні хутканогі не ўцячэ, ні вершнік не ўратуе свайго жыцця. І самы адважны ў сэрцы сярод моцных уцячэ голы ў той дзень, — кажа Пан.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога.
16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне *
і словы Мае кідаеш за сабою?
Рэфрэн:
18. Калі бачыш злодзея, захапляешся ім *
і сябруеш з чужаложнікамі.
19. Вусны свае адкрываеш дзеля зла, *
і язык твой сплятае падман.
Рэфрэн:
20. Сядзіш і гаворыш супраць брата свайго, *
зневажаеш сына тваёй маці.
21. Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. *
Ты думаў, што Я падобны да цябе?
Рэфрэн:
22. Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, *
каб Я не схапіў, і не будзе каму ратаваць.
23. Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, *
і таму, хто беззаганных паводзінаў, пакажу Божае збаўленне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Сёння не рабіце цвёрдымі вашыя сэрцы,
але слухайце голас Пана.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ідзі за Мною
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг. Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. І кажа яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.
Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Езус жа сказаў яму: Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ