ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Не будзе спадкаемцам гэты сын нявольніцы з маім сынам Ісаакам
Чытанне кнігі Быцця.
Калі Абрагаму было сто гадоў, нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны. Дзіцё вырасла і было адлучана ад грудзей. Абрагам жа наладзіў вялікую гасціну ў той дзень, калі Ісаак быў адлучаны ад грудзей.
Убачыла Сарра, што сын Агары егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насміхаецца над Ісаакам. І сказала яна Абрагаму: Выгані гэтую нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам гэты сын нявольніцы з маім сынам Ісаакам. І палічыў гэта Абрагам даволі непрыемным для сына свайго.
Але Бог сказаў Абрагаму: Не засмучайся з-за хлопца і нявольніцы тваёй. Ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ад Ісаака будзе названа тваё патомства. І ад сына нявольніцы Я выведу народ, бо ён твой нашчадак.
Абрагам устаў на світанні, узяў хлеб і мех вады і даў Агары, усклаўшы ёй на плечы, і адаслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і заблукала ў пустыні Бэрсаба. А калі скончылася вада ў мяху, яна пакінула дзіця пад адным з кустоў, пайшла і села здалёк, на адлегласці лучнага стрэлу, бо сказала: Не хачу бачыць смерці дзіцяці. І села насупраць, узняла лямант і заплакала.
А Бог пачуў голас хлопца. І анёл Божы з неба паклікаў Агар, і сказаў ёй: Што з табою, Агар? Не бойся, бо пачуў Бог голас хлопца адтуль, дзе ён быў. Устань, падымі хлопца і вазьмі яго за руку, бо Я выведу з яго вялікі народ.
І Бог адкрыў яе вочы, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопца. І Бог быў з хлопцам. І вырас ён, і пачаў жыць у пустыні, і стаў лучнікам.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.
8. Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, *
і вызваляе іх.
Рэфрэн:
10. Бойцеся Пана, Ягоныя святыя; *
бо той, хто баіцца Яго, не мае нястачы ні ў чым.
11. Багатыя церпяць нястачу і голад, *
а тым, хто шукае Пана, не будзе неставаць ніякага дабра.
Рэфрэн:
12. Прыйдзіце, сыны, паслухайце мяне: *
навучу вас боязі Пана.
13. Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё *
і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро?
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Адвядзі ад Мяне шум спеваў тваіх, няхай як вада цячэ правасуддзе
Чытанне кнігі прарока Амоса.
Шукайце дабра, а не зла, каб жылі вы, і тады Пан Бог Магуццяў будзе з вамі, як вы кажаце. Ненавідзьце зло і палюбіце дабро, і пастаўце каля брамы правасуддзе. Магчыма, Пан Бог Магуццяў змілуецца над рэштай пакалення Юзафа.
Ненавіджу і адкідаю святы вашыя і не маю ўпадабання ў вашых урачыстых сходах. Калі прынясеце Мне ўсеспаленні і некрывавыя ахвяры, Я не прыму іх і не пагляджу на ахвяру падзякі з тлустых валоў вашых. Адвядзі ад Мяне шум спеваў тваіх, і гукаў гусляў тваіх Я не буду слухаць. Няхай як вада цячэ правасуддзе, і справядлівасць, як вечны паток!
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах Я адкрыю Божае збаўленне.
9. Слухай, народзе мой, *
Я буду прамаўляць,
Ізраэль, засведчу супраць цябе, *
Я Бог, Твой Бог.
Рэфрэн:
8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.
9. Не прыму вала з твайго дому, *
ні казлоў з тваіх загонаў.
Рэфрэн:
10. Бо Мне належаць усе звяры лясныя *
і жывёлы з тысячы гор.
11. Ведаю ўсіх нябесных птушак, *
і звяры палявыя пры Мне.
Рэфрэн:
12. Калі б Я быў галодны, не сказаў бы табе, *
бо сусвет Мой і ўсё, што яго напаўняе.
13. Ці ем Я мяса валоў *
або п’ю казліную кроў?
Рэфрэн:
16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне, *
і словы Мае кідаеш за сабою?
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
каб мы былі пэўным пачаткам яго стварэнняў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць дэманаў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус прыплыў на другі бераг у краіну гадарынскую, сустрэлі Яго двое апантаных, якія выйшлі з магілаў, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. І вось яны закрычалі: Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць нас.
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. І дэманы прасілі Яго, кажучы: Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней. І сказаў ім: Ідзіце. Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. І вось кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апантаных. І вось горад увесь выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ