ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Нарадзіла Агар Абраму сына. І назваў Абрам сына свайго Ізмаілам
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Сара пачала ўціскаць Агар, і тая ўцякла ад яе. Анёл Пана знайшоў яе каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы на дарозе да Сура. І сказаў: Агар, слуга Сары, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш? Яна сказала: Я бягу ад Сары, гаспадыні маёй. Анёл Пана сказаў ёй: Вярніся да гаспадыні сваёй і скарыся пад рукамі яе. Анёл Пана зноў прамовіў да яе: Вельмі памножу патомства тваё і з-за мноства нельга будзе палічыць яго. І яшчэ сказаў ёй анёл Пана: Вось ты цяжарная і народзіш сына, і назавеш яго Ізмаіл, таму што пачуў Пан пра нядолю тваю. Ён будзе сярод людзей, як дзікі асёл: рукі яго супраць усіх, і рукі ўсіх супраць яго; ён паставіць шатры па-за жыллём усіх сваіх братоў.
Нарадзіла Агар Абраму сына. І назваў Абрам сына свайго, народжанага ад Агар, Ізмаілам. Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Хваліце Пана, бо Ён добры.
1. Хваліце Пана, бо Ён добры, *
бо навекі міласэрнасць Ягоная.
2. Хто раскажа пра магутнасць Пана, *
абвесціць усю хвалу Ягоную?
Рэфрэн:
3. Шчаслівыя, хто захоўвае права *
і заўсёды чыніць справядлівасць.
4. Памятай пра нас, Пане, *
у прыхільнасці да свайго народа.
Рэфрэн:
Наведай нас у Тваім збаўленні, *
5. каб мы ўбачылі шчасце Тваіх выбраных,
каб цешыліся радасцю Твайго народа, *
каб хваліліся Тваёй спадчынай.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ехонію і ўсё адважнае войска вывеў кароль бабілёнскі ў няволю ў Бабілён
Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.
Васемнаццаць гадоў было Ехоніі, калі стаў каралём. Ён валадарыў у Ерузалеме тры месяцы. Маці ягоную звалі Нэхушта, была яна дачкой Эльнафана з Ерузалема. І рабіў Ехонія благое ў вачах Пана ва ўсім, як айцец ягоны.
У той час падступіліся слугі Навухаданосара, караля бабілёнскага, да Ерузалема, і трапіў горад у аблогу. Прыйшоў Навухаданосар, кароль бабілёнскі, да горада, калі слугі ягоныя акружылі яго.
І выйшаў Ехонія, кароль юдэйскі, да караля бабілёнскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і кіраўнікі ягоныя, і еўнухі ягоныя. І захапіў яго кароль бабілёнскі на восьмым годзе свайго панавання. Вывез адтуль усе скарбы дома Пана і скарбы каралеўскага дома. Паламаў увесь залаты посуд, які Саламон, кароль ізраэльскі, зрабіў у святыні Пана, як сказаў Пан. Перасяліў увесь Ерузалем, і ўсіх кіраўнікоў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі. І перасяліў ён Ехонію ў Бабілён. І маці караля, і жонак караля, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў у няволю з Ерузалема ў Бабілён.
Усё войска, сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў кароль бабілёнскі ў няволю ў Бабілён. А каралём зрабіў бабілёнскі кароль Матанію, дзядзьку Ехоніі, замест яго, і замяніў імя ягонае на Сэдэкію.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Вызвалі нас, Пане, дзеля славы імя Твайго.
1. Божа, язычнікі ўвайшлі ў спадчыну Тваю; †
апаганілі святую Тваю святыню, *
Ерузалем ператварылі ў руіны.
2. Трупы слугаў Тваіх выдалі на з’ядзенне птушкам нябесным, *
целы святых Тваіх — звярам зямным.
Рэфрэн:
3. Пралілі іх кроў, як ваду, вакол Ерузалема, †
і не было каму іх пахаваць. *
4. Мы сталі ганьбаю для нашых суседзяў,
пагардай і пасмешышчам для тых, хто вакол нас.
5. Дакуль, Пане, гневацца будзеш няспынна, *
а Твая лютасць будзе палаць, як агонь?
Рэфрэн:
10. Не памятай правінаў нашых продкаў, *
няхай хутчэй нас спаткае Твая міласэрнасць,
бо мы зусім аслаблі.
Рэфрэн:
11. Памажы нам, Божа, наш Збаўца, *
дзеля славы імя Твайго;
вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя *
дзеля Твайго імя.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, —
і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Дом, пабудаваны на скале, і дом, пабудаваны на пяску
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі? І тады абвяшчу ім: Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне.
Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.
А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае.
Калі Езус скончыў гаварыць, дзівіліся людзі з вучэння Яго, бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ