Узвысіў нізкае дрэва
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан Бог:
Вазьму Я з вяршыні высокага кедру і пасаджу. З верхніх галін ягоных адламаю парастак і пасаджу на высокай і ўзнёслай гары. На высокай гары Ізраэля пасаджу яго. І пусціць галлё і прынясе плён, і стане велічным кедрам, і будуць жыць пад ім усялякія птушкі, усялякае птаства будзе гняздзіцца ў цені галля ягонага. І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я, Пан, паніжаю высокае дрэва, а нізкае дрэва ўзвышаю; зялёнае дрэва высушваю, а сухое дрэва прымушаю квітнець. Я, Пан, сказаў і так зраблю.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Добра дзякаваць Табе, Пане.
2. Добра ёсць дзякаваць Пану *
і праслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы,
3. раніцаю абвяшчаць Тваю міласэрнасць *
і вернасць Тваю ўначы.
Рэфрэн:
13. Справядлівы заквітнее, як пальма, *
вырасце, быццам кедр на Лібане.
14. Пасаджаныя ў доме Пана, *
яны заквітнеюць на дзядзінцах нашага Бога.
Рэфрэн:
15. Нават у старасці яны будуць пладавітыя, *
сакавітыя і свежыя,
16. каб абвяшчаць, што справядлівы Пан, *
цвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што, калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана. Бо паступаем мы паводле веры, а не дзеля бачання. Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану. Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго. Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці благое.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Зерне — слова Божае, сейбіт — Хрыстус;
кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць вечна.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Найменшае з усяго насення становіцца большым за ўсялякую зеляніну
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.
І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.
У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ