Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць з вамі
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас. Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў целе нашым. Бо мы, жывыя, няспынна ідзём на смерць дзеля Есуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
Маючы той самы дух веры, як напісана: я паверыў, таму гаварыў, — і мы верым, таму і кажам, ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою з вамі. Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Я прынясу Табе, Пане, ахвяру хвалы.
Або: Аллелюя.
10. Я верыў нават тады, калі казаў: *
Я моцна прыгнечаны.
11. Я сказаў у боязі сваёй: *
Кожны чалавек — ілжэц.
Рэфрэн:
15. Каштоўная ў вачах Пана *
смерць Яго святых.
16. Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *
Ты разарваў мае кайданы.
Рэфрэн:
17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.
18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Стань на гары перад абліччам Пана
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Калі Ілля прыйшоў да Божай гары Горэб, ён увайшоў у пячору. І скіраваў Пан да яго слова, кажучы: Выйдзі і стань на гары перад абліччам Пана, і вось пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру.
Пачуўшы гэта, Ілля прыкрыў твар свой плашчом і выйшаў з пячоры, і стаў пры ўваходзе да яе. І вось голас кажа яму: Што ты робіш тут, Ілля?
Ён адказаў: Я палаю руплівасцю дзеля Пана, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля пакінулі Твой запавет, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але яны шукаюць і майго жыцця, каб забраць яго.
І сказаў яму Пан: Ідзі, вяртайся сваёй дарогай праз пустыню ў Дамаск. І калі прыйдзеш, намасціш Газаэля каралём Сірыі. Егу, сына Намсі, намасціш каралём Ізраэля. І Елісея, сына Сафата з Абэль-Мэгуля, намасціш прарокам замест сябе.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду шукаць Твайго аблічча, Пане.
7. Пачуй, Пане, голас мой, калі я клічу, *
змілуйся нада мною і адкажы мне.
8. Пра Цябе кажа маё сэрца: *
шукайце Ягонага аблічча.
Рэфрэн:
Буду шукаць Твайго аблічча, Пане. *
9. Не хавай ад мяне свайго твару.
Слугі свайго не адкідай у гневе; *
Ты — мая дапамога, не адкідай мяне.
Рэфрэн:
13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.
Рэфрэн:
а
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ззяеце, нібы светачы, у свеце,
трымаючы слова жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім.
Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, каб адзін з тваіх членаў загінуў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.
Сказана: Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст. А я кажу вам: Кожны, хто адпускае жонку сваю, акрамя як з прычыны распусты, той робіць яе распусніцай, а хто жэніцца з разведзенаю, той распуснічае.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ