Пошук

27.05.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дрг 11, 18. 26–28. 32

Вось Я сёння кладу перад вамі благаслаўленне і праклён

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы: Пакладзіце гэтыя мае словы ў сваё сэрца і ў сваю душу. Прывяжыце іх сабе на рукі, як знак. Няхай яны будуць павязкаю паміж вачыма вашымі.

Вось Я сёння кладу перад вамі благаслаўленне і праклён. Благаслаўленне, калі будзеце слухацца запаведзяў Пана Бога вашага, якія сёння Я даю вам. Праклён, калі не будзеце слухацца запаведзяў Пана Бога вашага, калі адступіцеся ад таго шляху, які сёння Я пакажу вам, і калі пойдзеце за чужымі багамі, якіх не ведаеце. Старанна захоўвайце ўсе наказы, якія сёння Я даю вам.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 31 (30), 2–3а. 3bc–4. 17 і 25 (Р.: 3b)

Рэфрэн: Будзь для мяне, Пане, каменнай цвярдыняй.

2. У Цябе, Пане, я шукаю прыстанішча, †
няхай не буду асаромлены навекі, *
у справядлівасці Тваёй збаў мяне.
3. Нахілі да мяне сваё вуха, *
паспяшайся мяне ўратаваць.

Рэфрэн:

Будзь для мяне каменнай цвярдыняй, *
домам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
4. Бо Ты мая скала і мая цвярдыня, *
дзеля імя Твайго кіруй мною і вядзі мяне.

Рэфрэн:

17. Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *
збаў мяне ў сваёй ласкавасці.
25. Будзьце мужнымі, няхай будзе моцным сэрца вашае, *
усе, хто спадзяецца на Пана!

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 3, 21–25а. 28

Чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Цяпер незалежна ад Закону з’явілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і прарокі. Справядлівасць Божая праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, хто верыць, таму што няма розніцы. Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле ласкі Ягонай, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго Бог устанавіў у моцы Ягонай крыві як уміласціўленне праз веру.

Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю незалежна ад учынкаў Закону. Гэта слова Божае.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 15, 5
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны, — кажа Пан, —
хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 7, 21–27

Дом, пабудаваны на скале, і дом, пабудаваны на пяску

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не кожны, хто кажа Мне: Пане, Пане, – увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі? І тады абвяшчу ім: Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне.

Вось жа кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.

А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека неразважлівага, які пабудаваў свой дом на пяску. І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і было падзенне яго вялікае.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця