Калі прыйдзе чужаземец, выслухай яго
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Саламон маліўся ў святыні, кажучы: Калі чужаземец, які не паходзіць з Твайго народа, Ізраэля, але прыйдзе з далёкага краю дзеля імя Твайго (бо ён пачуе пра Тваё вялікае імя, пра Тваю моцную руку і Тваё распраўленае плячо), і калі ён прыйдзе і будзе маліцца перад гэтай святыняй, выслухай яго з нябёсаў, з месца свайго жылля, і зрабі ўсё, аб чым Цябе папросіць чужаземец, каб усе народы зямлі спазналі Тваё імя і шанавалі Цябе, як і народ Твой, Ізраэль, каб яны пераканаліся, што Тваё імя было паклікана над гэтым домам, які я ўзнёс.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Ідзіце і абвяшчайце Евангелле.
Або: Аллелюя.
1. Хваліце Пана, усе народы, *
праслаўляйце Яго ўсе плямёны.
2. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, *
і вернасць Ягоная трывае навекі.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста
Пачатак Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які Яго ўваскрасіў з мёртвых, і ўсе браты, якія са мною, — Касцёлам Галатыі.
Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага Евангелля. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.
Але, калі б нават мы ці Анёл з неба пачалі абвяшчаць вам Евангелле, якое розніцца ад таго, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты. Як раней мы казалі, так і цяпер яшчэ кажу: калі хто абвяшчае вам Евангелле, якое розніцца ад таго, што вы прынялі, няхай будзе пракляты.
Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага;
кожны, хто верыць у Яго, будзе мець жыццё вечнае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу.
Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры.
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ