ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Я заставаўся невідушчым
Чытанне кнігі Тобія.
Я, Тобій, у ноч Пяцідзесятніцы, пасля таго, як пахаваў мёртвага, пайшоў на двор свой і заснуў каля сцяны на двары, і з-за спёкі я не накрываў свайго твару. Я не ведаў, што на сцяне нада мною былі вераб’і, і іх цёплы гной зваліўся мне на вочы і навёў на іх бельмы. І я хадзіў лячыцца да лекараў, аднак чым больш яны мазалі мне вочы лекамі, тым больш слеплі мае вочы ад бельмаў, пакуль я не аслеп цалкам.
На працягу чатырох гадоў я заставаўся невідушчым, і ўсе мае браты былі засмучаны з-за мяне. Архікар ўтрымліваў мяне два гады, перш чым адправіўся ў Элімаіду. У той час мая жонка Ганна выконвала для заробку жаночыя працы, прадучы лён. Тое, што зрабіла, яна пасылала гаспадарам, а яны плацілі ёй заробак. У сёмы дзень месяца дыстра яна выткала сукно і аддала яго гаспадарам, і яны поўнасцю заплацілі ёй, даўшы таксама казляня для спажытку.
Калі казляня падышло да мяне, яно пачало бляяць. Я паклікаў жонку і спытаўся: Адкуль гэтае казляня? Ці, выпадкам, яно не крадзенае? Аддай яго гаспадарам ягоным: нам нельга спажываць нічога крадзенага. Яна ж мне казала: Мне падаравалі яго ў дадатак да заробку. Аднак я не верыў ёй, кажучы, каб аддала яго гаспадарам, і раззлаваўся на яе з-за гэтага. Тады яна сказала мне ў адказ: Ну і дзе твая міласціна? Дзе твая справядлівасць? Цяпер усё пра цябе вядома.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Моцнае сэрца таго, хто спадзяецца на Пана.
1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.
Рэфрэн:
7. Моцнае сэрца таго, *
хто спадзяецца на Пана.
8. Умацаванае сэрца яго не будзе баяцца. *
калі гляне на ворагаў сваіх.
Рэфрэн:
9. Раскідаў, раздаў бедным; *
справядлівасць ягоная трывае навекі,
моц ягоная *
ўзвысіцца ў славе.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Чакаем новага неба і новай зямлі
Чытанне Другога паслання святога апостала Пятра.
Умілаваныя:
Вы чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца. Але мы, паводле абяцання Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць. Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі, а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем.
Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі. Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пане, Ты наш прытулак з пакалення ў пакаленне.
2. Перш, чым нарадзіліся горы, *
перш, чым Ты стварыў зямлю і сусвет,
спрадвеку і навекі *
Ты ёсць Богам.
Рэфрэн:
3. Ты вяртаеш чалавека ў пыл і кажаш: *
Вяртайцеся сыны Адама.
4. Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі, †
як дзень учарашні, які мінуў, *
або як адна начная варта.
Рэфрэн:
10. Дзён веку нашага — семдзесят гадоў, *
восемдзесят, калі мы моцныя.
Большая іх частка — гэта праца і смутак, *
бо яны мінаюць хутка, і мы адлятаем.
Рэфрэн:
14. Напоўні раніцаю нас сваёй міласэрнасцю, *
і мы будзем цешыцца і весяліцца ва ўсе дні нашыя.
16. Няхай Тваім слугам аб’явіцца справа Твая, *
і Твая веліч — іхнім сынам.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста
прасветліць вочы сэрца вашага,
каб мы ведалі, у чым надзея паклікання нашага.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Паслалі да Езуса некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць яго на слове. Падышоўшы, яны спыталіся ў Езуса: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва навучаеш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?
А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, кажа ім: Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець. Прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара.
Тады Езус сказаў ім: Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу. І дзівіліся з Яго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ