ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Слава Пана напаўняе ўсе Ягоныя справы
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
і расказваць пра тое, што ўбачыў.
У словах Пана — Ягоныя справы.
Сонца, якое свеціць, глядзіць на ўсё,
і слава Пана напаўняе ўсе Ягоныя справы.
Нават сваіх святых не ўпаўнаважыў Пан
расказаць пра ўсе свае цуды,
якія ўстанавіў Усемагутны Пан,
каб усё моцна трымалася ў Ягонай славе.
Ён даследаваў бездань і сэрца,
і распазнаў іх хітрыкі,
бо Найвышэйшы валодае ўсімі ведамі
і бачыць знакі часу.
Ён абвяшчае тое, што мінула і што будзе,
і адкрывае сляды таемных рэчаў.
Не абміне яго ніякая думка,
ад Яго не схаваецца ніводнае слова.
Ён уладкаваў вялікія справы мудрасці сваёй,
бо Ён існуе спрадвеку і навекі.
Яго не дапоўнілі і не аднялі ў Яго,
Ён не мае патрэбы ні ў якім дарадцы.
Наколькі пажаданыя ўсе Яго справы,
хоць іскрай ёсць тое, што мы бачым.
Усё гэта жыве і трывае навекі,
у кожнай патрэбе ўсё падпарадкавана Яму.
Усё падвойнае, адно насупраць другога,
і няма ніякага недахопу.
Адно ўмацоўвае дабро другога,
і хто насыціцца, гледзячы на славу Ягоную?
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Словам Пана створаны нябёсы.
2. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.
3. Спявайце Яму новую песню, *
прыгожа грайце Яму і гучна.
Рэфрэн:
4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.
Рэфрэн:
6. Словам Пана створаны нябёсы, *
дыханнем Яго вуснаў — уся іхняя моц.
7. Ён воды марскія збірае, быццам у мех, *
бездані складвае ў сховах.
Рэфрэн:
8. Няхай баіцца Пана ўся зямля, *
няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары свету.
9. Бо Ён прамовіў — і сталася, *
Ён загадаў — і з’явілася.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вы — каралеўскае святарства, народ святы, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас
Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.
Умілаваныя:
Як нованароджаныя немаўляты, жадайце чыстага малака слова, каб праз яго ўзрастаць для збаўлення, калі вы пакаштавалі дабрыні Пана.
Прыступаючы да Пана, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага, і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу праз Езуса Хрыста.
Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло сваё; калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя.
Умілаваныя, я заклікаю вас як чужынцаў і вандроўнікаў устрымлівацца ад цялесных пажадлівасцяў, што ваююць супраць душы. Сярод язычнікаў паводзьце сябе добра, каб, нягледзячы на тое, што абгаворваюць вас як злачынцаў, яны ўбачылі добрыя ўчынкі вашыя і праславілі Бога ў дзень наведзін.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Станьце перад абліччам Пана з радасным спевам.
2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.
Рэфрэн:
3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.
Рэфрэн:
4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.
Рэфрэн:
5. Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Настаўнік, каб я зноў бачыў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.
Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.
Езус спыніўся і сказаў: Паклічце яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: Смялей, уставай, Ён кліча цябе. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса.
І адказваючы яму, Езус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб я зноў бачыў. Езус сказаў яму: Ідзі, вера твая вылечыла цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ