ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вернаму сябру няма цаны
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Мілыя словы прыцягваюць сяброў,а ласкавы язык павялічвае зычлівасць.
Няхай тых, хто жыве з табою ў міры, будзе шмат,
але тваіх дарадцаў — з тысячы адзін.
Калі здабываеш сябра, выпрабуй яго
і не спяшайся давяраць яму.
Бывае сябра, але ў выгадны для сябе час,
ён не застанецца з табою ў няшчасці тваім.
Бывае сябра, які ператвараецца ў ворага
і табе на сорам выяўляе вашы сваркі.
Бывае і сябра, які сядзіць з табою за сталом,
але не застанецца з табою ў няшчасці тваім.
У час, спрыяльны для цябе, ён будзе нібы сам ты,
са слугамі тваімі дзёрзкі будзе.
Але, калі патрапіш у непрыемнасці,
ён павернецца супраць цябе і будзе пазбягаць твайго аблічча.
Аддаліся ад ворагаў сваіх
і будзь асцярожны са сваімі сябрамі.
Верны сябра — гэта моцная абарона,
хто яго знаходзіць, той знаходзіць скарб.
Вернаму сябру няма цаны,
і невымерная каштоўнасць яго.
Верны сябра — гэта лек жыцця,
і яго знойдуць тыя, хто баіцца Пана.
Богабаязны добра вядзе сваё сяброўства;
таму, які ён сам, такі таксама бліжні ягоны.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Вядзі мяне сцежкаю Тваіх запаведзяў, Пане.
12. Благаслаўлёны Ты, Пане, *
навучы мяне Тваім пастановам.
16. Радуюся Тваім наказам, *
слова Твайго не забуду.
Рэфрэн:
18. Адкрый мае вочы, *
каб я ўбачыў цуды Твайго Закону.
27. Дай мне зразумець дарогу Тваіх наказаў, *
і буду разважаць пра Твае цуды.
Рэфрэн:
34. Навучы мяне, і буду захоўваць закон Твой *
і берагчы яго ўсім сэрцам.
35. Вядзі мяне сцежкаю Тваіх запаведзяў, *
бо я ўпадабаў яе.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вось Суддзя стаіць пры дзвярах
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі: вось Суддзя стаіць пры дзвярах. За прыклад цярплівасці і велікадушнасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.
Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.
Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад асуджэнне.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.
1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.
Рэфрэн:
3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.
Рэфрэн:
8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Не злуецца вечна *
і не палае гневам навекі.
Рэфрэн:
11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.
12. Як далёка ўсход ад захаду, *
так аддаліў ад нас Ён нашыя правіны.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Слова Тваё, Пане, — гэта праўда.
Асвяці нас у праўдзе.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. І зноў збіраліся да Яго людзі, і Ён, паводле свайго звычаю, зноў навучаў іх.
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?
Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ