ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Нікому не загадваў быць бязбожным
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Калі захочаш, захаваеш запаведзіі застанешся верным Яго ўпадабанню.
Ён паставіў перад табою агонь і ваду,
а ты працягні руку сваю да таго, чаго захочаш.
Перад чалавекам жыццё і смерць,
і што спадабаецца, будзе дадзена яму.
Бо вялікая мудрасць Пана,
магутная Яго ўлада і Ён усё бачыць.
Ягоныя вочы над тымі, хто Яго баіцца.
Ён ведае кожны чалавечы ўчынак.
Ён нікому не загадваў быць бязбожным
і нікому не даваў дазволу грашыць.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана.
1. Шчаслівыя тыя, чый шлях беззаганны, *
хто ходзіць у Законе Пана.
2. Шчаслівыя тыя, хто захоўвае Ягоныя сведчанні *
і ўсім сэрцам шукае Яго.
Рэфрэн:
4. Ты загадаў, *
каб старанна выконвалі Твае наказы.
5. О, няхай пэўнымі будуць мае шляхі *
ў захаванні Тваіх пастановаў.
Рэфрэн:
17. Праяві ласкавасць да свайго слугі, і буду жыць, *
і захоўваць Тваё слова.
18. Адкрый мае вочы, *
каб я ўбачыў цуды Твайго Закону.
Рэфрэн:
33. Пакажы мне, Пане, шлях Тваіх пастановаў, *
і я да канца буду трымацца яго.
34. Навучы мяне, і буду захоўваць закон Твой *
і берагчы яго ўсім сэрцам.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Мудрасць Бог прадвызначыў перад вякамі для славы нашай
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, і не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету. Але абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для славы нашай. Ніхто з князёў гэтага свету не спазнаў яе; бо, калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы. Але, як напісана: Чаго вока не бачыла, і вуха не чула і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго.
Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, нават у глыбіні Божыя.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
бо Ты адкрыў таямніцы Валадарства дзецям.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Так сказана было продкам; Я ж кажу вам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам: калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд.
Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім.
Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул.
І няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ