ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз яе старэйшыя атрымалі сведчанне.
Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.
Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, дзякуючы якой ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй прамаўляе нават пасля смерці.
Вераю Гэнох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу. А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.
Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду благаслаўляць, Пане, імя Тваё навекі.
2. Кожны дзень благаслаўляць Цябе буду *
і ўсхваляць імя Тваё на вякі вечныя.
3. Вялікі Пан і годны вялікай хвалы, *
неспасцігальная веліч Яго.
Рэфрэн:
4. З пакалення ў пакаленне будуць хваліць Твае справы *
і абвяшчаць Тваю магутнасць.
5. Пра ўзнёсласць хвалы велічы Тваёй *
і пра цудоўныя Твае справы буду разважаць.
Рэфрэн:
10. Няхай славяць Цябе, Пане, усе Твае стварэнні, *
і ўсе святыя Твае благаслаўляюць Цябе.
11. Няхай апавядаюць пра славу Твайго Валадарства *
і магутнасць Тваю абвяшчаюць.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.
Браты мае, няхай нямногія з вас становяцца настаўнікамі, ведаючы, што нас будуць судзіць больш строга. Бо ўсе мы спатыкаемся шмат у чым. Калі хто не грашыць словам, гэта чалавек дасканалы, здольны ўтаймаваць таксама ўсё цела. Калі мы кладзем цуглі ў храпу коням, каб яны слухаліся нас, то і кіруем ўсім іхнім целам. Вось і караблі, хоць такія вялікія і гоняць іх моцныя вятры, аднак маленькае стырно скіроўвае іх, куды пажадае воля стырнавога. Так і язык, хоць малая частка цела, а хваліцца вялікімі рэчамі. Паглядзі, які малы агонь падпальвае вялізны лес! І язык — гэта агонь. Як свет несправядлівасці, пастаўлены язык сярод нашых частак цела, ён апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены. Бо ўсялякая істота звяроў, птушак, паўзуноў і марскіх стварэнняў утаймоўваецца і ўтаймавана чалавечай істотай, аднак ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык — нястрымнае ліха, поўнае смяротнай атруты.
Ім мы благаслаўляем Пана і Айца і ім праклінаем людзей, створаных на падабенства Божае. З тых самых вуснаў выходзіць благаслаўленне і праклён. Не павінна, браты мае, так быць.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Ты, Пане, зберажэш нас.
2. Ратуй, Пане, бо не стала пабожнага, *
бо няма вернага сярод сыноў чалавечых.
3. Кожны хлусіць бліжняму свайму, *
ілжывымі вуснамі і ад сэрца няшчырага гавораць яны.
Рэфрэн:
4. Няхай Пан знішчыць усе ілжывыя вусны, *
і язык, які гаворыць дзёрзка;
5. і тых, хто кажа: Языком нашым пераможам, *
вусны нашыя з намі, хто ж гаспадар над намі?
Рэфрэн:
7. Словы Пана — гэта чыстыя словы, *
срэбра, ачышчанае ў горне ад зямлі і пераплаўленае сем разоў.
8. Ты, Пане, зберажэш нас *
і захаваеш нас ад пакалення гэтага навекі.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Адкрыліся нябёсы і пачуўся голас Айца:
Гэта ёсць Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Перамяніўся перад імі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.
І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.
І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць “уваскрэснуць”.
І пыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што першым павінен прыйсці Ілля? Ен сказаў ім: Сапраўды, Ілля прыйдзе першым і адновіць усё. А як напісана пра Сына Чалавечага, што Ён павінен шмат выцерпець і быць пагарджаным. Але кажу вам: Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як і напісана пра яго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ