ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн
Чытанне кнігі Быцця.
У дзень, калі Пан Бог стварыў зямлю і неба, яшчэ не было на зямлі ніякага палявога куста і не расла яшчэ ніякая палявая трава. Бо Пан Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і не было чалавека, каб апрацоўваць зямлю. Але пара ўздымалася з зямлі і арашала ўсю паверхню зямлі.
Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай. І пасадзіў Пан Бог сад у Эдэне на ўсходзе, і пасяліў там чалавека, якога стварыў. І вырасціў Пан Бог з зямлі ўсялякае дрэва, прывабнае з выгляду і добрае для ежы, і дрэва жыцця пасярод гэтага саду, і дрэва пазнання дабра і зла.
Потым Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн, каб ён працаваў і даглядаў яго. І загадаў Пан Бог чалавеку, кажучы: З усялякага дрэва ў садзе можаш есці, але з дрэва пазнання дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, напэўна памрэш смерцю.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Благаславі, душа мая, Пана.
1. Благаславі, душа мая, Пана. *
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу. *
2. Ты ахінуўся святлом, быццам шатай.
Рэфрэн:
27. Усе яны чакаюць, што Ты дасі ім есці ў свой час. *
28. Калі даеш ім, яны падбіраюць,
Калі раскрываеш руку сваю, *
яны насычаюцца дабром.
Рэфрэн:
29. Ты забіраеш іхні дух, і яны гінуць, *
і вяртаюцца ў свой пыл.
30. Ты пасылаеш свайго Духа, і паўстаюць яны, *
Ты аднаўляеш аблічча зямлі.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Убачыла каралева Сабы ўсю мудрасць Саламона
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Каралева Сабы пачула пра славу Саламона, здабытую дзякуючы імені Пана, і прыйшла выпрабаваць яго загадкамі. Яна прыбыла ў Ерузалем з вельмі вялікаю світаю, з вярблюдамі, якія неслі духмянасці, незлічонае мноства золата і каштоўныя камяні. І прыйшла яна да Саламона, і сказала яму ўсё, што мела на сэрцы. Саламон жа растлумачыў ёй усе словы, і не было пытання, незразумелага для караля, на якое б не адказаў ёй.
Убачыла каралева Сабы ўсю мудрасць Саламона, і палац, які ён пабудаваў, і стравы стала ягонага, і жыллё нявольнікаў ягоных, і паставу слугаў ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і ўсеспаленні, якія прыносіў ў доме Пана. І захапіла дух ёй, і сказала яна каралю: Праўдзівыя словы, што чула я на зямлі сваёй пра твае справы і мудрасць тваю. Аднак я не верыла тым, хто казаў мне, пакуль не прыбыла сама і не ўбачыла на свае вочы. Я пераканалася, што не расказалі мне нават паловы: мудрасць твая і даброты большыя, чым я чула ў пагалосцы. Шчаслівыя людзі твае, шчаслівыя слугі твае і тыя, хто заўсёды стаіць перад табою і слухае тваю мудрасць. Няхай будзе благаслаўлёны Пан Бог твой, які ўпадабаў цябе і пасадзіў цябе на трон Ізраэля. Назаўсёды Пан палюбіў Ізраэль, таму і прызначыў цябе каралём, каб ты вяршыў правасуддзе і справядлівасць.
І дала яна каралю сто дваццаць талантаў золата, вельмі шмат духмянасцяў і каштоўных камянёў. Ніколі больш не прыносілі так шмат духмянасцяў, як каралева Сабы падаравала каралю Саламону.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Вусны справядлівага кажуць мудрасць.
5. Даручы Пану шлях свой, *
спадзявайся на Яго, і Ён сам будзе дзейнічаць.
6. Ён выведзе, як святло, тваю справядлівасць, *
і праўду тваю, як поўдзень.
Рэфрэн:
30. Вусны справядлівага кажуць мудрасць, *
і язык ягоны абвяшчае правасуддзе.
31. Закон Божы ў ягоным сэрцы, *
і не захістаюцца яго крокі.
Рэфрэн:
39. Збаўленне справядлівых паходзіць ад Пана, *
Ён — цвярдыня іхняя ў час уціску.
40. Пан ім дапаможа і ўратуе, †
Ён вызваліць іх ад грэшнікаў і збавіць, *
бо яны на Яго спадзяюцца.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
асвяці нас у праўдзе.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус зноў паклікаў народ і сказаў яму: Слухайце Мяне ўсе і разумейце. Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, робіць яго нячыстым, але робіць чалавека нячыстым тое, што выходзіць з яго.
Калі ж Ён адышоў ад натоўпу і ўвайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці. І Ён сказаў ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым; бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў жывот і выходзіць вонкі. Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай. Далей сказаў: Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць ліхія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупота. Усё гэтае зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ