Пошук


23.01.2010 12:39  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ёв 7, 1–4. 6–7

Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання?

Чытанне кнігі Ёва.

Так гаварыў Ёў, кажучы:

Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання, а дні ягоныя — дзён найміта? Як нявольнік прагне ценю і як найміт прагне платы сваёй, так я атрымаў у спадчыну месяцы марнасці і ночы пакутаў адведзены мне. Калі я кладуся, кажу: Калі ж я ўстану? Але вечар працягваецца, і я непакоюся аж да світання.

Дні мае хутчэйшыя за ткацкі чаўнок, яны мінаюць, не пакідаючы надзеі. Помні, што жыццё маё — гэта вецер, і вочы мае не ўбачаць больш шчасця.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 147А (146), 1–2. 3–4. 5–6 (Р.: пар. 3а)

Рэфрэн: Пане, Ты лечыш, зламаныя сэрцы.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, бо прыемна праслаўляць Бога нашага,
бо прыемна спяваць Яму песню хвалы. *
2. Пан будуе Ерузалем, *
збірае выгнаннікаў Ізраэля.

Рэфрэн:

3. Ён лечыць зламаныя сэрцы, *
і перавязвае іх раны.
4. Ён падлічвае колькасць зорак *
і кожную называе па імені.

Рэфрэн:

5. Вялікі наш Пан і вялікая моц Ягоная, *
і мудрасць Ягоная невымерная.
6. Пакорных Пан падымае, *
а бязбожных паніжае да зямлі.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 9, 16–19. 22–23

Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля. Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду; а калі супраць волі, то выконваю даручаны абавязак. Якая ж мая ўзнагарода? Каб, бескарысліва прапаведуючы Евангелле, я даносіў навіну пра Хрыста, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Евангеллі. Таму што, будучы вольным ад усіх, я стаў нявольнікам ўсіх, каб здабыць яшчэ больш.

Для нядужых я быў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною збавіць некага. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Мц 8, 17
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус узяў на сябе нашую слабасць
і вылячыў хваробы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 1, 29–39

Аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім.

Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.

І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.