ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Вы прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Вы не прыступіліся ні да таго, да чаго можна дакрануцца, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры, ні да гуку трубы і голасу словаў, пачуўшы які, слухачы прасілі, каб ён больш не прамаўляў. А відовішча было настолькі страшнае, што Майсей сказаў: Я спалоханы і дрыжу.
Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога — Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса — Пасрэдніка Новага Запавету, да акраплення крывёю, якая прамаўляе больш, чым кроў Абэля.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пра ласку Тваю, мы разважаем, Пане.
2. Вялікі Пан і годны вялікай хвалы *
у горадзе нашага Бога.
3. Яго святая гара — цудоўнае ўзвышша, *
радасць усёй зямлі.
Рэфрэн:
Гара Сіён, мяжа поўначы, — *
горад вялікага Караля.
4. Бог у ягоных палацах *
стаў вядомы як абаронца.
Рэфрэн:
9. Як мы чулі, так і ўбачылі, *
у горадзе Пана Магуццяў,
у горадзе нашага Бога; *
Бог умацуе яго навекі.
Рэфрэн:
10. Разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасць, *
пасярод святыні Тваёй.
11. Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая †
аж да межаў зямлі. *
Правіца Твая напоўнена справядлівасцю.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Я адыходжу шляхам усёй зямлі. А ты будзь моцны і мужны
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
Калі наблізіўся дзень смерці Давіда, наказаў ён свайму сыну Саламону, кажучы: Я адыходжу шляхам усёй зямлі. А ты будзь моцны і мужны. Захоўвай наказы Пана Бога твайго, хадзі па Ягоных шляхах, захоўвай пастановы і запаведзі, прысуды і сведчанні Яго, як напісана ў Законе Майсея, каб шчасціла табе ва ўсім, што будзеш рабіць, і паўсюль, куды б ты ні звярнуўся. Каб Пан выканаў сваё слова, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: Калі твае сыны будуць сцерагчы шляхі свае, хадзіць перада Мною ў праўдзе ўсім сваім сэрцам і ўсёй сваёй душою, тады не будзе канца нашчадкам тваім на троне Ізраэля.
І спачыў Давід з айцамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давідавым. А валадарыў Давід над Ізраэлем сорак гадоў. У Гэброне ён валадарыў сем гадоў, а ў Ерузалеме трыццаць тры гады.
І сеў Саламон на трон Давіда, бацькі свайго, а яго валадарства было вельмі трывалым.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Ты над усім пануеш, Пане, наш Божа.
10. Будзь праслаўлены, Пане, *
Божа нашага айца, Ізраэля, на вякі вечныя.
11. Твая, Пане, узнёсласць і магутнасць, *
слава, прыгажосць і веліч.
Рэфрэн:
Тваё, Пане, валадарства, *
і Ты, як Галава, уздымаешся па-над усім.
12. Ад Цябе паходзяць *
багацце і слава.
Рэфрэн:
Ты над усім пануеш. *
У Тваёй руцэ і сіла, і моц.
Твая рука ўзвялічвае *
і ўсё ўмацоўвае.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Пачаў высылаць іх па двое
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. І наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
І сказаў ім: Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. І калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх.
І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне; і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ