Пошук


20.01.2010 11:39  
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 10, 1–10

Вось іду, каб выканаць волю Тваю, Божа

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:  

Закон мае цень будучых дабротаў, але не сам вобраз справаў. Таму адныя і тыя ж ахвяры, якія заўсёды прыносяцца штогод, ніколі не могуць зрабіць дасканалымі тых, хто прыходзіць з імі.  Бо ці не перасталі б яны прыносіць ахвяры, калі б тыя, хто ахвяруе, былі ачышчаны раз і назаўсёды і не ўсведамлялі больш ніякіх грахоў. Але ў гэтых ахвярах — штогадовы напамін пра грахі, бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі.

Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне. Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе. Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа.

Перад гэтым Ён сказаў: Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх, якія прыносяцца паводле Закону, Ты не захацеў і не ўпадабаў. Пасля Ён сказаў: Вось іду, каб выканаць волю Тваю. Адмяняе першае, каб устанавіць другое. Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвячаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 40 (39), 2 і 4аb. 7–8а. 10. 11  (Р.: пар. 8а і 9а)

Рэфрэн: Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.

2. Я цвёрда спадзяваўся на Пана, *
і Ён схіліўся нада мною, і пачуў мой крык.
4. І паклаў у мае вусны новую песню, *
спеў хвалы нашаму Богу.

Рэфрэн:

7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.

Рэфрэн:

10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе,
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.

Рэфрэн:

11. Справядлівасць Тваю не хаваў я ў сэрцы сваім, *
я абвяшчаў Тваю вернасць і Тваё збаўленне.
Я не таіў Тваёй міласэрнасці і вернасці *
перад вялікай грамадой.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

2 Сам 6, 12b–15. 17–19

Давід і ўвесь дом Ізраэля пераносілі каўчэг Пана з радаснымі воклічамі

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Давід пайшоў і з радасцю перанёс Божы каўчэг з дому Абэдэдома ў горад Давіда. І калі тыя, хто нёс Божы каўчэг, ступалі шэсць крокаў, ён прыносіў у ахвяру быка і адкормленае цяля. І, апрануты ў ільняны эфод, Давід з усіх сіл танцаваў перад Панам. Так Давід і ўвесь дом Ізраэля пераносілі каўчэг Пана з радаснымі воклічамі і гукамі трубы.

Перанеслі каўчэг Пана і паставілі на прызначанае для яго месца ў сярэдзіне шатра, які расцягнуў для яго Давід. І прынёс ён перад Панам ахвяры ўсеспалення і прымірэння, а калі завяршыў прынясенне ахвяр усеспалення і прымірэння, благаславіў народ у імя Пана. Потым раздаў сярод усяго народу, сярод усяго мноства Ізраэля, як жанчын, так і мужчын, па адным бохане хлеба, па адным кавалку мяса і па булцы з разынкамі. І разышышліся ўсе людзі, кожны да свайго дому.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 24 (23), 7–8. 9–10  (Р.: пар. 8а)

Рэфрэн: Пан Бог Магутны, Ён Кароль славы.

7. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
8. Хто ж гэты Кароль славы? †
Пан, моцны і магутны, *
Пан, магутны ў барацьбе.

Рэфрэн:

9. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
10. Хто Ён, гэты Кароль славы? *
Пан Магуццяў, Ён кароль славы.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Праслаўляю  Цябе, Ойча, Пан  неба  і  зямлі,
што таямніцы Валадарства ты адкрыў дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 3, 31–35

Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Прыйшлі Маці Езуса і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.

Але Ён сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця