ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі. Ён можа спачуваць тым, хто не ведае і блукае, бо і сам мае ў сабе слабасць. Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
І ніхто сам не бярэ сабе гэтага гонару апроч пакліканага Богам, як і Аарон. Так і Хрыстус не сам сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, але той, хто сказаў Яму: Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў; як і ў іншым месцы кажа: Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка.
Хрыстус у дні цела свайго з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць. Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў. І, будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення, і Богам быў абвешчаны Першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.
1. Пан сказаў майму Пану: *
Сядай праваруч мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх *
да падножжа Твайго.
Рэфрэн:
2. Жазло сілы Тваёй *
спашле Пан з Сіёну:
будзеш валадарыць *
сярод ворагаў Тваіх.
Рэфрэн:
3. З Табою панаванне ў дзень Тваёй моцы, у бляску святасці, *
з улоння перад світаннем нарадзіў Цябе.
4. Пан прысягнуў і не пашкадуе: *
Ты святар навекі на ўзор Мэльхізэдэка.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Паслухмянасць лепшая, чым ахвяры
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Пасля перамогі над амалекітамі Самуэль сказаў Саўлу: Пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Пан уначы. Той адказаў яму: Кажы. І сказаў Самуэль: Ці ж не стаў ты на чале плямёнаў Ізраэля, хоць і здаваўся малым ў вачах сваіх? Пан намасціў цябе каралём Ізраэля, і паслаў цябе Пан у дарогу, кажучы: Ідзі і забівай грэшнікаў амалекітаў, і змагайся з імі, пакуль не знішчыш іх. Чаму ж ты не паслухаўся голасу Пана, але кінуўся на здабычу і ўчыніў благое ў вачах Пана?
Тады Саўл адказаў Самуэлю: Я паслухаўся голасу Пана і пайшоў шляхам, на які скіраваў мяне Пан. Я прывёў Агага, караля амалекітаў, і пазабіваў амалекітаў. А народ узяў са здабычы авечак і валоў найлепшае з таго, што было пад праклёнам знішчэння, каб ў Галгале ахвяраваць іх Пану Богу твайму.
І сказаў Самуэль: Няўжо хоча Пан Бог ўсеспаленняў і ахвяраў больш, чым паслухмянасці свайму голасу? Паслухмянасць лепшая, чым ахвяры, а слухаць — лепш, чым прыносіць барані тлушч. Бо супраціўленне — такі ж грэх, як варажба, а ўпартасць — як ідалапаклонства. Паколькі ты адкінуў слова Пана, Ён адкідае цябе як караля.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах пакажу збаўленне.
8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.
9. Не прыму вала з твайго дому, *
ні казлоў з тваіх загонаў.
Рэфрэн:
16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне *
і словы Мае кідаеш за сабою?
Рэфрэн:
21. Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. *
Ты думаў, што Я падобны да цябе?
23. Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, *
і таму, хто беззаганны ў паводзінах, Я пакажу Божае збаўленне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі да Езуса і сказалі Яму: Чаму вучні Янавы і фарысеі посцяць, а Твае вучні не посцяць?
І сказаў ім Езус: Ці могуць пасціць госці вяселля, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасціць у той дзень. Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старой адзежы, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра будзе яшчэ горшай. І ніхто не налівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ