ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Будзем старацца ўвайсці ў гэты адпачынак
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Пакуль яшчэ застаецца абяцанне ўвайсці ў адпачынак Божы, будзем баяцца, каб нехта з вас не аказаўся пазбаўленым яго. Бо мы атрымалі Евангелле так, як і тыя, хто выйшаў з Егіпта. Але пачутае слова не прынесла ім карысці, бо яны не паядналіся ў веры з тымі, хто чуў.
Аднак мы, якія верым, уваходзім ў адпачынак, паводле сказанага Ім: Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак, — хоць справы былі завершаны ад заснавання свету. Бо так недзе сказаў Ён пра сёмы дзень: І на сёмы дзёнь адпачыў Бог ад усёй працы сваёй. І ў гэтым месцы зноў: Яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.
Таму будзем старацца ўвайсці ў гэты адпачынак, каб ніхто не пайшоў за тым самым прыкладам непаслухмянасці.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Не забывайце пра справы Пана.
3. Усё, што чулі мы і што пазналі, *
пра што распавядалі нам айцы,
4. раскажам будучаму пакаленню *
пра хвалу Пана і Ягоную моц.
Рэфрэн:
6. Каб яны паўсталі і абвясцілі сваім дзецям, *
7. што трэба спадзявацца на Бога,
не забываць пра Божыя справы, *
і захоўваць Ягоныя запаведзі.
Рэфрэн:
8. Няхай не будуць, як іх айцы, *
упартым і бунтаўнічым пакаленнем,
пакаленнем, якое не мела сталага сэрца, *
а іхні дух не быў верны Богу.
Рэфрэн:
а
Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
І будзеце наракаць на караля, якога сабе выбралі, але не пачуе вас Пан
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Сабраліся ўсе старэйшыны Ізраэля, прыйшлі да Самуэля ў Раму і сказалі яму: Вось ты састарэў, а сыны твае не ходзяць шляхамі тваімі. Таму пастаў цяпер над намі караля, каб судзіў нас, як ёсць ва ўсіх народаў.
Не спадабалася сказанае Самуэлю, таму што казалі: Дай нам караля, каб судзіў нас. І маліўся Самуэль да Пана. А Пан адказаў Самуэлю: Слухай голас народа ва ўсім, што кажа табе, бо не цябе адкінулі, але Мяне адкінулі, каб Я не валадарыў над імі.
Тады ўсе словы Пана Самуэль перадаў народу, які прасіў у яго караля. І прамовіў ён: Такое будзе права караля, які стане валадарыць над вамі. Ён забярэ сыноў вашых, паставіць іх на калясніцы свае і зробіць іх сваімі вершнікамі, і будуць бегаць перад калясніцамі ягонымі. І прызначыць іх сабе тысячнікамі і сотнікамі, аратаямі палёў сваіх і жняцамі пасеваў. Каб рабілі для яго ваенную зброю і прылады для ягоных калясніц. Дачок вашых таксама возьме, каб намашчалі яго, былі кухаркамі і пекарамі. Палі вашыя, і вінаграднікі, і аліўкі найлепшыя забярэ і дасць слугам сваім. Але і з пасеваў вашых, і з вінаграднікаў будзе браць дзесяціну, каб аддаваць еўнухам і слугам сваім. А вашых слуг, і служанак, і найлепшых валоў забярэ і паставіць на сваю працу. Статкі вашыя абкладзе дзесяцінаю, а вы станеце яго слугамі. І будзеце наракаць ў той дзень на караля, якога сабе выбралі, але не пачуе вас Пан у дзень той.
Аднак народ не хацеў слухаць Самуэля і казаў: Не, няхай кароль будзе над намі, і мы станем, як усе народы; і будзе нас судзіць кароль наш, і выходзіць перад намі, і весці нашыя войны. І выслухаў Самуэль усе словы народа, і паўтарыў іх перад Панам. А Пан сказаў Самуэлю: Паслухай іх голас і пастаў над імі караля.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.
16. Шчаслівы народ, які ведае радасны вокліч*
і ходзіць у святле аблічча Твайго, Пане.
17. Радуюцца імені Твайму ўвесь дзень *
і ўзвышаюцца ў Тваёй справядлівасці.
Рэфрэн:
18. Бо Ты хараство іхняй сілы, *
і з Тваёй прыхільнасці ўзвышаецца нашая моц.
19. Бо Пан — наш шчыт, *
і Святы Ізраэля наш кароль.
а
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі спаралізаванага. Не маючы магчымасці прынесці яго да Езуса з-за натоўпу, разабралі страху, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі насілкі, на якіх ляжаў спаралізаваны. Езус, убачыўшы веру іх, сказаў паралізаванаму: Дзіця, даруюцца табе грахі твае.
Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: Чаму ён так гаворыць? Ён блюзнерыць: хто можа дараваць грахі, калі не сам Бог? Езус, адразу ж даведаўшыся ў духу сваім, што яны так думаюць, сказаў ім: Чаму так думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй: ці сказаць паралізаванаму «даруюцца табе грахі твае», ці сказаць «устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?» Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — і кажа паралізаванаму: Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго. Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы, што ніколі такога не бачылі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ