ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння»
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Як гаворыць Дух Святы: Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі яны шляхоў Маіх. Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.
Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога. Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.
Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.
6. Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзём, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.
7. Бо Ён — наш Бог, *
а мы — народ Ягонай пашы і авечкі Ягонай рукі.
Рэфрэн:
О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: †
8. Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыба, *
як на пустыні ў дзень Масса,
9. дзе Мяне спакушалі айцы вашыя, *
выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы мае.
Рэфрэн:
10. Сорак гадоў выклікала агіду ўва Мне гэтае пакаленне, +
і Я сказаў: Гэта народ, які блукае сэрцам, *
яны не пазналі Маіх дарог,
11. таму пакляўся Я ў гневе сваім, *
што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.
Рэфрэн:
а
Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Разбілі Ізраэль, і захоплены быў каўчэг запавету
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
Сталася ў тыя дні:
Філістымляне сабраліся на вайну супраць Ізраэля. Ізраэль таксама вырушыў на бітву супраць філістымлянаў. І размясцілі стан каля Абэнэцэра. Тымчасам філістымляне прыбылі ў Афэк і выстраіліся супраць Ізраэля. І разгарнулася бітва, і быў разбіты Ізраэль філістымлянамі, якія забілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.
Калі вярнуліся людзі ў лагер, старэйшыя Ізраэля казалі: Чаму Пан дазволіў разбіць нас сёння перад філістымлянамі? Возьмем да сябе з Сілома каўчэг запавету Пана, каб ішоў сярод нас і вызваліў нас ад рукі непрыяцеляў нашых. І паслаў народ у Сілом, і прынеслі адтуль каўчэг запавету Пана Магуццяў, які сядзіць на Хэрубінах. І былі з каўчэгам запавету Пана два сыны Элія, Офні і Фінхас.
Калі прынеслі каўчэг запавету Пана ў стан, увесь Ізраэль ўзняў вялікі крык і задрыжэла зямля. І пачулі філістымляне шум крыку, і казалі: Што гэта за шум моцнага крыку ў лагеры габрэяў? І даведаліся, што каўчэг запавету прыбыў у стан. І спалохаліся філістымляне, кажучы: Бог наведаў стан! І бедавалі са словамі: Гора нам! Бо не здаралася такога ні ўчора, ні яшчэ раней. Гора нам! Хто ж выратуе нас ад рукі гэтых магутных багоў? Гэта багі, якія спаслалі на Егіпет ўсялякую пошасць у пустыні. Мацуйцеся і будзьце мужнымі, філістымляне, каб не служыць габрэям, як і яны служылі нам. Будзьце адважнымі і змагайцеся.
І змагаліся філістымляне, і разбілі Ізраэль, і кожны ўцякаў да палаткі сваёй. І параза іх была вельмі вялікая: з ізраэльцян палегла трыццаць тысяч пяхоты. І захоплены быў каўчэг запавету, а два сыны Элія, Офні і Фінхас, загінулі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Адкупі нас, Пане, у сваёй міласэрнасці.
10. Адкінуў Ты нас і пасароміў, *
і не выходзіш з нашымі войскамі.
11. Прымусіў нас уцякаць ад ворага, *
а ненавіснікі нашыя нас абкрадаюць.
Рэфрэн:
14. Ты аддаў нас на знявагу нашым суседзям, *
на асмяянне і пагарду тых, хто нас атачае.
15. Ты зрабіў нас прыказкаю для язычнікаў, *
і галавою ківаюць над намі народы.
Рэфрэн:
24. Абудзіся, чаму спіш Ты, Пане? *
Прачніся і не адкідай нас назаўсёды.
25. Чаму хаваеш Ты сваё аблічча *
і забываеш пра нашую нядолю і пра наш уціск.
а
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве
і лячыў усялякую немач у людзей.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Праказа сышла з яго, і ён стаў чысты
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.
Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ