ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Бог прамовіў да нас праз Сына
Пачатак Паслання да Габрэяў.
Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет.
Ён, будучы адлюстраваннем Ягонай славы і вобразам Ягонай сутнасці і падтрымліваючы ўсё словам моцы сваёй, здзейсніў ачышчэнне ад грахоў, сеў праваруч Велічы на вышынях і стаў настолькі вышэйшым за анёлаў, наколькі больш слаўнае, чым яны, атрымаў у спадчыну імя.
Бо калі і каму з анёлаў Ён сказаў:
Ты — Сын Мой,
Я сёння нарадзіў Цябе?
І яшчэ:
Я буду Яму Айцом,
а Ён будзе Мне Сынам.
Калі ж зноў увядзе Першароднага ў свет, скажа:
Няхай паклоняцца Яму
ўсе анёлы Божыя.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Праслаўляйце Пана ўсе Яго анёлы.
1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Справядлівасць і права — *
аснова Ягонага трону.
Рэфрэн:
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.
7. Пакланіцеся Яму, *
усе багі.
Рэфрэн:
9. Бо Ты, Пане, найвышэйшы *
на ўсёй зямлі,
вельмі ўзвялічаны *
над усімі багамі.
Рэфрэн:
а
Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Саперніца ж дакучала Ганне з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне
Пачатак Першай кнігі Самуэля.
Быў адзін чалавек па імені Элькан з Раматаім-Цафіма, з узгор’я Эфраіма. Ён быў сынам Ерахама, сына Элігу, сына Тоху, сына Цуф Эфрата. Было ў яго дзве жонкі: адна па імені Ганна, а другая — Феніна. У Феніны былі дзеці, а ў Ганны дзяцей не было.
Штогод гэты чалавек хадзіў са свайго горада пакланіцца і прынесці ахвяру Пану Магуццяў у Сілом. Там былі два сыны Элія: Офні і Фінхас, святары Пана.
У той дзень, калі Элькана прыносіў ахвяру, ён даваў Феніне, сваёй жонцы, і ўсім яе сынам і дочкам па частцы. Ганне даваў падвойную частку, бо любіў Ганну, хоць Пан і замкнуў яе ўлонне. Саперніца ж яе засмучала яе моцна, бо дакучала ёй з-за таго, што Пан замкнуў яе ўлонне. І так рабіў ён з году ў год, калі яна ўваходзіла ў дом Пана. А Феніна так насміхалася з яе, што Гана плакала і не ела. Тады сказаў ёй Элькана, муж яе: Ганна, чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму смуткуе сэрца тваё? Ці ж я не лепшы для цябе, чым дзесяць сыноў?
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Прынясу Табе, Пане, ахвяру хвалы.
Або: Аллелюя.
12. Чым аддзячу я Пану *
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
13. Келіх збаўлення ўзніму *
і буду заклікаць імя Пана.
Рэфрэн:
14. Выканаю абяцанні свае, дадзеныя Пану, *
перад усім народам Яго.
17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.
Рэфрэн:
18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.
19. У дварах дому Пана, *
сярод цябе, Ерузалем.
а
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Наблізілася Валадарства Божае, — кажа Пан, —
кайцеся і верце ў Евангелле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Кайцеся і верце ў Евангелле
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім.
Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ