Пошук

26.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 19, 1–8

Ці атрымалі вы Святога Духа, калі паверылі?

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Аполас быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там пэўных вучняў, сказаў ім: Ці атрымалі вы Святога Духа, калі паверылі? А яны адказалі яму: Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы. Ён спытаў: У што ж вы хрысціліся? Яны сказалі: У хрост Яна. Павел сказаў: Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса.

Калі гэта пачулі, яны ахрысціліся ў імя Пана Езуса. І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі. А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.

Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў, ведучы на працягу трох месяцаў гутаркі і пераконваючы наконт Божага Валадарства.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 68 (67), 2–3. 4–5аc. 6–7аb  (Р.: 33а)

Рэфрэн: Валадарствы зямлі, спявайце Богу.
Або: Аллелюя.

2. Няхай устане Бог, і рассеюцца ворагі Яго, +
няхай ненавіснікі Ягоныя ўцякаюць ад аблічча Яго. *
3. Як развейваецца дым, Ты іх развей,
як топіцца воск перад агнём, *
так загінуць грэшнікі перад абліччам Божым.

Рэфрэн:

4. А справядлівыя няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца перад Богам, *
і трыумфуюць у радасці.
5. Спявайце Богу, слаўце імя Яго, *
радуйцеся перад Яго абліччам.

Рэфрэн:

6. Айцец для сіротаў і суддзя ўдоваў *
Бог у сваім святым жыллі.
7. Бог рыхтуе дом для самотных, *
вязняў выводзіць да шчасця.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Клс 3, 1
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях,
дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 16, 29–33

Будзьце адважнымі: Я перамог свет

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Вучні сказалі Езусу: Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці. Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты выйшаў ад Бога.

Езус адказаў ім: Цяпер верыце? Вось надыходзіць гадзіна і ўжо надышла, што вы рассеецеся кожны ў свой бок, а Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.

Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.