Пошук

26.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 20, 17–27

Скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел, паслаўшы з Мілету ў Эфес, паклікаў старэйшых Касцёла. А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім:
Вы ведаеце, што з першага дня майго прыходу ў Азію, я ўвесь час быў з вамі. Служыў Пану з усёй пакораю ў слязах і сярод выпрабаванняў, якія сустрэлі мяне з-за подступаў юдэйскіх. І як я не прапускаў нічога карыснага, пра што б ні абвяшчаў і чаму б ні вучыў вас публічна і па дамах, даючы сведчанне юдэям і грэкам пра навяртанне да Бога і пра веру ў Пана нашага Езуса.

І вось цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне, апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск. Але маё жыцце для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі.                       

І вось цяпер я ведаю, што больш не ўбачыце майго аблічча вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Божае Валадарства. Таму сведчу вам сёння: я чысты ад крыві ўсіх, бо не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй волі Божай.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 68 (67), 10–11. 20–21 (Р.: 33а)

Рэфрэн: Валадарствы зямлі, спявайце Богу.
Або: Аллелюя.

10. Шчодры дождж спаслаў Ты, Божа, *
падмацаваў сваю знямоглую спадчыну.
11. Твае стварэнні там жылі; *
у дабрыні сваёй Ты дапамагаў убогаму, Божа.

Рэфрэн:

20. Няхай будзе благаслаўлёны Бог ва ўсе дні, *
нашыя цяжары носіць Бог, Ён нашае збаўленне.
21. Бог наш ёсць Богам, які збаўляе, *
у Пану Богу — ратунак ад смерці.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 14, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшальніка,
каб быў з вамі навекі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 17, 1–11а

Ойча, услаў Сына свайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.

Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа