Пан адкрыў яе сэрца, каб яна зважала на словы Паўла
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракію, а на другі дзень у Неапаль, і адтуль у Філіппы, рымскую калонію, галоўны горад у той частцы Македоніі.
У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён. У суботні дзень выйшлі за браму да ракі, дзе звычайна адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.
І адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна зважала на словы Паўла. Калі ж яна ахрысцілася і дом яе, папрасіла, кажучы: Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў дом мой і заставайцеся. І прымусіла нас.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Спявайце Пану, бо народ свой любіць.
Або: Аллелюя.
1. Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.
2. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.
Рэфрэн:
3. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і арфе.
4. Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.
Рэфрэн:
5. Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.
6. Пахвалы Богу на іх вуснах. *
9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.
Рэфрэн:
а
Дух праўды будзе сведчыць пра Мяне, — кажа Пан, —
і вы таксама будзеце сведчыць.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Дух праўды будзе сведчыць пра Мяне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі прыйдзе Суцяшальнік, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне. Але і вы таксама будзеце сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся. Будуць выганяць вас з сінагогаў. Але прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе вас забіваць, будзе думаць, што гэтым служыць Богу. Будуць так рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне. Але Я сказаў вам пра гэта, каб вы, калі прыйдзе іх гадзіна, успомнілі, што Я сказаў вам пра іх.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ