Заставаўся ў іх і працаваў, і прамаўляў у сінагозе
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Павел пакінуў Афіны і прыбыў у Карынт. І знайшоў аднаго юдэя па імені Аквіла, родам з Понту, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым. Прыйшоў да іх, і таму, што займаўся адным рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам палатак. Кожную суботу ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.
Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся словам і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй. А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім:
Кроў вашая на галаву вашую, я — чысты. Адгэтуль я іду да язычнікаў.
Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго пабожнага чалавека па імені Ціт Юст, дом якога быў побач з сінагогай. Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў ў Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Перад вачыма народаў аб’явіў Пан збаўленне сваё.
Або: Аллелюя.
1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.
Рэфрэн:
2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.
Рэфрэн:
Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.
Рэфрэн:
а
Не пакіну вас сіротамі, — кажа Пан, —
іду і прыйду да вас, і ўзрадуецца сэрца вашае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне.
І некаторыя з вучняў казалі адзін аднаму: Што гэта Ён кажа нам: «яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне» і «Я іду да Айца»? Таму казалі: Што гэта значыць «яшчэ крыху»? Не ведаем, што Ён кажа.
А Езус пазнаў, што хацелі ў яго спытаць, і сказаў ім: Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ