Пошук

26.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 18, 23–28

Аполас публічна даказваў праз Пісанні, што Езус — гэта Месія

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Павел, правёўшы пэўны час у Антыёхіі, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Адзін юдэй, па імені Аполас, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес. Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна. Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, узялі яго і навучылі яго дакладней шляху Божаму.

А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням і папрасілі прыняць яго. Калі ён прыйшоў туды, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы. Ён адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 47(46), 2–3. 8–9. 10 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Бог — Валадар усёй зямлі.
Або: Аллелюя.

2. Усе народы, пляскайце ў далоні, *
радасным голасам усклікайце Богу,
3. бо грозны Пан Найвышэйшы, *
вялікі Валадар над усёй зямлёй.

Рэфрэн:

8. Бо Валадар усёй зямлі – Бог, *
Яму гімн заспявайце.
9. Бог валадарыць над народамі, *
Бог сядзіць на сваім троне святым.

Рэфрэн:

10. Сабраліся князі народаў *
з народам Бога Абрагама,
бо моцныя зямлі належаць Богу, *
Ён узнесены высока.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ян 16, 28
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет;
зноў пакідаю свет і іду да Айца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 16, 23b–28

Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай.

Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць гадзіна, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас, бо сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога.

Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця