Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна
Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу – мужоў, якія былі першымі сярод братоў, пастанавілі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю. І праз іх выслалі такі ліст:
Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў язычніцкага паходжання ў Антыёхіі, Сірыі і Кілікіі. Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы. Таму мы згодна пастанавілі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы.
Пасланцы прыйшлі ў Антыёхію і, склікаўшы людзей, аддалі ліст. Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму заахвочванню.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду славіць Цябе між народамі, Пане.
Або: Аллелюя.
8. Гатовае сэрца маё, Пане, гатовае сэрца маё, *
я буду спяваць і граць.
9. Прачніся, душа мая, прачніся псалтыр і арфа, *
я абуджу світанне.
Рэфрэн:
10. Буду славіць Цябе між народамі, Пане, +
буду ўсхваляць Цябе сярод плямёнаў. *
11. Бо да нябёсаў вялікая міласэрнасць Твая, і вернасць Твая да аблокаў.
12. Падыміся па-над нябёсамі, Божа, *
па-над усёй зямлёй Твая слава.
Рэфрэн:
а
Я ж назваў сябрамі вас, — кажа Пан, —
бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ