Пошук

09.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 11, 19–26

Прамаўлялі таксама да грэкаў, прапаведуючы Пана Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Тыя, хто рассеяўся з-за ганенняў, што сталіся пасля Стэфана, дайшлі аж да Фінікіі, Кіпра і Антыёхіі, і нікому, апроч юдэяў, не абвяшчалі слова. Некаторыя з іх былі з Кіпра і Кірынеі. Яны прыйшлі ў Антыёхію і прамаўлялі таксама да грэкаў, прапаведуючы Пана Езуса. І рука Пана была з імі, і вялікае мноства паверыла і навярнулася да Пана.

Вестка пра іх дайшла да Касцёла ў Ерузалеме. І паслалі Барнабу ў Антыёхію. Калі ён прыйшоў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, узрадаваўся і заахвочваў усіх, каб шчырым сэрцам трывалі ў Пане. Бо ён быў муж добры, поўны Духа Святога і веры. І шмат людзей прыхілілася да Пана.

Потым Барнаба пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. Увесь год яны працавалі разам ў Касцёле і навучалі вялікую колькасць людзей. У Антыёхіі ўпершыню вучні былі названыя хрысціянамі.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 87 (86), 1–3. 4–5. 6–7 (Р.: Пс 117 (116), 1а)

Рэфрэн: Хваліце Пана, усе народы.
Або: Аллелюя.

1. Умацаванне Яго на святых гарах, *
2. любіць Пан брамы Сіёна
больш за ўсе шатры Якуба. *
3. Абвяшчаецца твая хвала, горад Божы.

Рэфрэн:

4. Узгадаю Егіпет і Вавілон сярод тых, хто ведае мяне, *
вось філістымляне і Тыр з Эфіопіяй скажуць: Той там нарадзіўся.
5. А пра Сіён будуць казаць: Кожны чалавек на ім нарадзіўся, *
і Усемагутны яго ўмацаваў.

Рэфрэн:

6. Пан напіша ў перапісе народаў: *
Гэты там нарадзіўся.
7. І ў танцы будуць спяваць: *
У табе ўсе крыніцы мае.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 10, 27
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 10, 22–30

Я і Айцец — адно

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

І было тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма. Езус хадзіў у святыні па бабінцы Саламона.

Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці. Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта.

Езус адказаў ім: Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне. Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак. Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навек, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця