Пошук

09.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 13, 26–33

Бог выканаў абяцанне, калі ўваскрасіў Езуса

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Калі Павел прыйшоў у Антыёхію Пісідыйскую, ён прамовіў у сінагозе:

Браты, сыны роду Абрагама і тыя з вас, хто баіцца Бога. Нам паслана слова збаўлення гэтага, бо жыхары Ерузалема і іх кіраўнікі не пазналі Езуса і, калі асудзілі Яго, споўнілі словы прарокаў, што чыталіся кожную суботу. І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, прасілі Пілата забіць Яго. А калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, знялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу.

Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых. Шмат дзён з’яўляўся Ён тым, хто разам з Ім прыйшоў з Галілеі ў Ерузалем, якія цяпер з’яўляюцца Яго сведкамі перад народам.

І мы абвяшчаем вам Добрую Навіну, што абяцанне, дадзенае айцам нашым, Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме: Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 2, 6–7. 8–9. 10–11  (Р.: 7)

Рэфрэн: Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў.
Або: Аллелюя.

6. Я намасціў караля Майго на Сіёне, *
на святой гары Маёй.
7. Абвяшчу пастанову Пана: Ён Мне сказаў: *
Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў.

Рэфрэн:

8. Прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, *
і межы зямлі ва ўладанне Тваё.
9. Ударыш іх жалезным кіем; *
разаб’еш іх як посуд ганчара.

Рэфрэн:

10. А цяпер, каралі, зразумейце, *
навучыцеся, суддзі зямлі.
11. З бояззю служыце Пану *
і радуйцеся з хваляваннем.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Ян 14, 6
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 14, 1–6

Я — дарога і праўда, і жыцце

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.

Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?

Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.