Адзіныя сэрцам і душою
Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.
Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае. Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.
Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног апосталаў. І раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная.
Або: Аллелюя.
2. Няхай скажа Ізраэль: Навекі міласэрнасць Ягоная. *
3. Няхай скажа цяпер дом Аарона: Навекі міласэрнасць Ягоная.
4. Няхай скажуць тыя, хто баіцца Пана: *
Навекі міласэрнасць Ягоная.
Рэфрэн:
16. Правіца Пана ўзнялася высока, правіца Пана праявіла сілу! *
17. Не памру, але жыць буду і абвяшчаць справы Пана.
18. Моцна пакараў мяне Пан, *
але на смерць не выдаў.
Рэфрэн:
22 Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. *
23. Пан учыніў гэта, і дзіўна яно ў вачах нашых.
24. Вось дзень, які Пан учыніў, *
будзем радавацца ў ім і весяліцца.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Усё, што народжана ад Бога, перамагае свет
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Кожны, хто верыць, што Езус ёсць Месія, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць таго, хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго. Па тым пазнаём, што мы любім дзяцей Божых, калі любім Бога і захоўваем запаведзі Яго. Бо любоў да Бога ёсць у тым, каб мы захоўвалі Ягоныя запаведзі, а запаведзі Яго не з’яўляюцца цяжкімі.
Бо ўсё, што народжана ад Бога, перамагае свет. І гэтай перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера.
Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?
Езус Хрыстус прыйшоў праз ваду і кроў, і праз Духа, і не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў; і Дух сведчыць пра Яго, бо Дух — гэта праўда.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМШчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Праз восем дзён прыйшоў Езус
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ