Пошук

31.03.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 4, 1–12

Няма ні ў кім іншым збаўлення

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У той дзень:

Калі Ян і Пётр прамаўлялі да людзей пасля аздараўлення кульгавага, падышлі да іх святары і дазорац святыні, і садукеі, абураныя тым, што яны навучаюць людзей і абвяшчаюць уваскрашэнне ў Езусе. І схапілі іх, і кінулі ў вязніцу да раніцы, бо ўжо быў вечар. А многія з тых, хто чуў слова, паверылі. І было такіх людзей каля пяці тысяч.

На другі дзень сабраліся іх правадыры, старэйшыны і кніжнікі ў Ерузалеме: першасвятар Анна, Каяфа, Ян, Аляксандр і іншыя, што былі з роду першасвятарскага. Яны паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: Якою моцаю альбо чыім імем вы зрабілі гэта?

Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Святым, сказаў ім: Правадыры народу і старэйшыны! Калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў, то няхай будзе вядома вам і ўсяму народу ізраэльскаму, што ў імя Езуса Хрыста з Назарэту, якога вы ўкрыжавалі, і якога Бог уваскрасіў з мёртвых, гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.

Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі, але Ён стаўся галавою вугла. І няма ні ў кім іншым збаўлення. Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы маглі б атрымаць збаўленне.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 118 (117), 1–2 і 4. 22–24. 25–27а (пар. 22)

Рэфрэн: Адкінуты камень стаў галавою вугла.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †
бо навекі міласэрнасць Ягоная. *
2. Няхай скажа Ізраэль: Навекі міласэрнасць Ягоная.
4. Няхай скажуць тыя, хто баіцца Пана: *
Навекі міласэрнасць Ягоная.

Рэфрэн:

22 Камень, адкінуты будаўнікамі, †
стаў галавою вугла. *
23. Пан ўчыніў гэта, і дзіўна яно ў вачах нашых.
24. Вось дзень, які Пан учыніў, *
будзем радавацца ў ім і весяліцца.

Рэфрэн:

25. О Пане, збаў! О Пане, паспрыяй. *
26. Благаслаўлёны, хто ідзе ў імя Пана,
благаслаўляем вас з дому Пана. *
27. Пан ёсць Богам, і Ён асвятліў нас.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Пс 118 (117), 24
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вось дзень, які Пан учыніў,
будзем радавацца ў ім і весяліцца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 21, 1–14

Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Дыдым, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не.

А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.

Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою.

І калі выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу.

Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.