Пошук

31.03.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Дз 4, 13–21

Не можам маўчаць пра тое, што мы бачылі і чулі

Чытанне  кнігі Дзеяў Апосталаў.

У той час:

Правадыры, старэйшыны і кніжнікі бачылі адвагу Пятра і Яна, і даведаўшыся, што гэта людзі непісьменныя і простыя, дзівіліся. І пазналі іх, што яны былі з Езусам. Гледзячы на аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, нічога не маглі адказаць.

Загадалі ім выйсці з месца пасяджэнняў і раіліся паміж сабою, кажучы: Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо яны ўчынілі відавочны цуд, бачны ўсім жыхарам Ерузалема. І мы не можам запярэчыць гэтаму. Але, каб гэта далей не пашыралася ў народзе, забаронім ім пад пагрозаю, каб не прамаўлялі больш ад гэтага імя да ніводнага чалавека.

Тады паклікалі іх і забаранілі ім увогуле прамаўляць і навучаць у імя Езуса. Але Пётр і Ян адказалі ім: Падумайце, ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога? Мы не можам маўчаць пра тое, што мы бачылі і чулі.

А тыя зноў прыгразілі і адпусцілі іх, таму што з-за людзей не змаглі пакараць іх, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 118 (117), 1 і 14–15. 16-–18. 19–21 (Р.: 21а)

Рэфрэн: Слаўлю Цябе, Пане, бо Ты мяне пачуў.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, †
бо навекі міласэрнасць Ягоная. *
14. Пан — сіла мая і песня, Ён стаў маім збаўленнем.
15. Голас радасці і збаўлення *
ў шатрах праведнікаў: Правіца Пана чыніць цуды.

Рэфрэн:

16. Правіца Пана ўзнялася высока, †
правіца Пана праявіла сілу! *
17. Не памру, але жыць буду і абвяшчаць справы Пана.
18. Моцна пакараў мяне Пан, *
але на смерць не выдаў.

Рэфрэн:

19. Адчыніце мне брамы справядлівасці, *
я ўвайду ў іх і буду праслаўляць Пана.
20. Вось брамы Пана, справядлівыя ўвойдуць у іх. *
21. Слаўлю Цябе, бо Ты мяне пачуў
і стаў маім збаўленнем.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Пс 118 (117), 24

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вось дзень, які Пан учыніў,
будзем радавацца ў ім і весяліцца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 16, 9–15

Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Калі Езус уваскрос раніцай у першы дзень тыдня, Ён з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой Ён выгнаў сем злых духаў. Яна пайшла і абвясціла тым, хто быў з Ім, якія былі ў жалобе і плакалі. А яны, хоць і пачулі, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі.

Пасля гэтага Ён з’явіўся ў іншай постаці двум з іх, якія ішлі ў вёску. Тыя вярнуліся і абвясцілі астатнім, але і ім не паверылі.

Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны сядзелі за сталом, і папракаў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага.

І сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 01.04.2020 22:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа