Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У дзень Пяцідзесятніцы сказаў Пётр юдэям:
Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй.
Калі ж пачулі гэта, змягчэла сэрца іхняе і яны сказалі Пятру і астатнім апосталам: Што нам рабіць, браты? Сказаў ім Пётр: Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога. Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш.
І многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы:
Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення.
Тыя ж, хто прыняў слова ягонае, ахрысціліся. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч душ.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Міласцю Пана поўніцца зямля.
Або: Аллелюя.
4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.
Рэфрэн:
18. Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца, *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.
Рэфрэн:
20. Душа наша чакае Пана: *
Ён — наша дапамога і абарона.
22. Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!
Рэфрэн:
а
Вось дзень, які Пан учыніў,
будзем радавацца ў ім і весяліцца.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Бачыла Пана, і Ён сказаў ёй
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі, адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.
І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш?
Адказала ім: Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго.
Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў там, але не ведала, што гэта Езус.
Кажа ёй Езус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?
Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
Езус кажа ёй: Марыя! А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: Раббуні, — што азначае «Настаўнік».
Кажа ёй Езус: Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага.
Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ