На Пасхальную вігілію пададзена дзевяць чытанняў са Святога Пісання: сем са Старога Запавету і два з Новага Запавету. Калі гэта неабходна, можна зменшыць колькасць чытанняў. Перад эпісталай і Евангеллем, аднак, павінна быць не менш за тры чытанні са Старога Запавету, а ў крайнім выпадку — два. Ні ў якім разе нельга прапусціць трэцяе чытанне з кнігі Зыходу пра пераход праз Чырвонае мора.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Убачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым
Чытанне кнігі Быцця.
На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.
І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. І так сталася. І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.
Гэта слова Божае.
а1 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Няхай сыдзе Дух Твой і зямлю адновіць.
1. Благаславі, душа мая, Пана, *
Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі.
Ты апрануўся ў веліч і красу. *
2. Ты ахінуўся святлом, быццам шатай.
Рэфрэн:
5. Ты ўмацаваў зямлю на яе асновах, *
не пахіснецца яна ніколі.
6. Безданню, як вопраткай, пакрыў яе, *
па-над горамі ўзніклі воды.
Рэфрэн:
10. Ты крыніцы пасылаеш у даліны, *
паміж гор цякуць яны.
12. Над імі жывуць птушкі нябесныя *
і сярод лісця спяваюць.
Рэфрэн:
13. З вышыні сваёй Ты поіш горы, *
плёнам спраў Тваіх зямля насычаецца.
14. Ты чыніш, што расце трава для жывёлы, *
і расліны на карысць чалавеку,
каб ён здабываў хлеб з зямлі.
Рэфрэн:
24. Незлічоныя, Пане, Твае справы. *
Усё Ты мудра стварыў,
зямля напоўнілася Тваімі стварэннямі. *
35. Благаславі, душа мая, Пана!
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Ахвяра патрыярха нашага Абрагама
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Выпрабоўваў Бог Абрагама і сказаў яму: Абрагаме. І ён адказаў: Гэта я. Бог сказаў: Вазьмі сына твайго адзінага, якога ты любіш, Ісаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і там прынясі яго на ўсеспаленне на адной з гор, пра якую Я скажу табе.
І прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог. І працягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго. Але анёл Пана паклікаў яго з неба і сказаў: Абрагаме, Абрагаме. Ён адказаў: Гэта я. Анёл сказаў: Не падымай рукі тваёй на хлопца і не рабі з ім нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне. Узняў Абрагам вочы свае і ўбачыў за сабою барана, які заблытаўся ў гушчары рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на ўсеспаленне замест сына.
Анёл Пана другі раз паклікаў Абрагама з неба і сказаў: Прысягаю, — кажа Пан, — паколькі ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага, то Я благаслаўлю цябе і памножу патомства тваё, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора, і патомства тваё здабудзе брамы ворагаў тваіх. І атрымаюць благаслаўленне ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго.
Гэта слова Божае.
а2 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Захавай мяне, Божа, бо на Цябе спадзяюся.
5. Пан частка спадчыны маёй і келіха майго, *
Ён лёс мой трымае.
8. Пан заўсёды перад маімі вачыма, *
бо Ён праваруч мяне, я не пахіснуся.
Рэфрэн:
9. Таму радуецца маё сэрца і весяліцца душа, *
і цела маё будзе спачываць бяспечна,
10. бо не пакінеш душы маёй у адхлані *
і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.
Рэфрэн:
11. Ты дарогу жыцця мне пакажаш, *
паўната радасці перад Табою,
вечнае шчасце *
праваруч Цябе.
Рэфрэн:
аТРЭЦЯЕ ЧЫТАННЕ
Сыны Ізраэля прайшлі па сушы сярод мора
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Сказаў Пан Майсею: Чаму ты ўсклікаеш да Мяне? Скажы сынам Ізраэля, няхай выходзяць. А ты падымі кій свой і працягні руку сваю да мора і падзялі яго, і пойдуць сыны Ізраэля сярод мора па сушы. Я ж зраблю жорсткім сэрца егіпцян, каб пайшлі яны ўслед за імі. І пакажу славу Маю на фараоне і ўсім войску ягоным, на калясніцах і вершніках ягоных. І даведаюцца егіпцяне, што Я — Пан, калі пакажу славу Маю на фараоне і ўсім войску ягоным, на калясніцах і вершніках ягоных.
І зрушыўся Анёл Божы, які ішоў перад войскам Ізраэля, і пайшоў ззаду іх, а разам з ім і слуп воблачны перасунуўся спераду назад. Стаў паміж войскам егіпецкім і войскам ізраэльскім; і была хмара цёмная для адных, і асвятляла ноч другім так, што не маглі ўсю ноч падысці адзін да аднаго.
І калі Майсей працягнуў руку да мора, Пан гнаў мора моцным усходнім ветрам усю ноч і ператварыў у сушу, і разлілася вада. І пайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сушы; вада была для іх сцяною з правага і з левага боку. І пагналіся егіпцяне, і ўвайшла за імі ў сярэдзіну мора ўся конніца фараона, калясніцы і вершнікі ягоныя. І вось на світанні Пан паглядзеў на войска егіпцян са слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшанне войска іхняе. І падвярнуў колы калясніцаў, што ім цяжка было рухацца. І казалі егіпцяне: Уцякакайма ад Ізраэля, бо Пан ваюе за іх супраць егіпцян.
І сказаў Пан Майсею: Працягні руку сваю да мора, каб павярнуліся воды да егіпцян на калясніцы і вершнікаў іхніх. І калі Майсей працягнуў руку да мора, на самым світанні яно вярнулася на сваё месца, і бегла вада насустрач егіпцянам, якія ўцякалі, і патапіў іх Пан сярод хваляў. І вярнулася вада, і накрыла калясніцы і вершнікаў усяго войска фараона, якое ўвайшло за імі ў мора, і не засталося ніводнага з іх. А сыны Ізраэля прайшлі па сушы сярод мора, і вада стаяла каля іх сцяною з левага і з правага боку.
І ў той дзень вызваліў Пан Ізраэль з рук егіпецкіх. І ўбачылі ізраільцяне мёртвых егіпцян на беразе мора. Убачылі моцную руку, якую Пан узняў супраць егіпцян. Спалохаўся народ Пана і паверыў Пану і Майсею, слузе Ягонаму.
Тады Майсей і сыны Ізраэля заспявалі песню Пану:
Не гаворыцца: Гэта слова Божае.
а3 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Спяваю Пану, бо Ён узвысіўся.
1. Спяваю Пану, бо Ён узвысіўся, †
каня і вершніка яго скінуў у мора. *
2. Пан мая сіла і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
Ён мой Бог, Яго праслаўляю. *
Ён Бог айца майго, узвялічу Яго.
Рэфрэн:
3. Пан магутны ў барацьбе, *
Яго імя Усемагутны.
4. Калясніцы фараона і яго войска Ён кінуў у мора, *
лепшыя ваяры ягоныя патанулі ў Чырвоным моры.
Рэфрэн:
5. Бездань іх праглынула, *
яны сышлі ў глыбіні.
6. Правіца Твая, Пане, праслаўлена моцаю, *
правіца Твая, Пане, перамагла ворага.
Рэфрэн:
17. Ты вывеў народ свой і пасадзіў яго на гары спадчыны сваёй, *
на месцы, якое ўчыніў сваім жыллём, Пане,
у святыні Пана, якую ўзвялі Твае рукі. *
18. Пан — Валадар навекі і назаўсёды.
Рэфрэн:
аЧАЦВЁРТАЕ ЧЫТАННЕ
У вечнай міласэрнасці злітуюся над табою, — кажа Пан, Адкупіцель твой
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Пан Магуццяў — імя Ягонае;
і Адкупіцель твой — Святы Ізраэля,
Богам усёй зямлі Ён будзе названы.
Бо як жонку пакінутую і засмучаную духам,
кліча цябе Пан.
І як да жонкі, адрынутай у маладосці,
звяртаецца да цябе твой Бог:
На малы час Я пакінуў цябе,
але з вялікай міласцю прыму цябе.
У прыступе гневу Я схаваў ад цябе
на хвіліну аблічча Маё,
але ў вечнай міласэрнасці злітуюся над табою, —
кажа Пан, Адкупіцель твой.
Бо для Мяне гэта, як воды Ноя,
калі прысягнуў Я, што воды Ноя не прыйдуць
больш на зямлю;
так прысягнуў Я, што не буду гневацца на цябе
і дакараць цябе не буду.
Бо горы знікнуць,
і пагоркі захістаюцца,
але міласэрнасць Мая не адступіць ад цябе,
і запавет спакою Майго не пахіснецца, —
кажа Пан, які спагадае табе.
Няшчасная, несуцешаная, якую кідаюць буры!
Вось Я пакладу твае падставы на рубінах
і падмурак твой — на сапфірах;
яшмаю аздоблю твае вежы,
упрыгожу крышталём твае брамы,
усю агароджу тваю — каштоўнымі камянямі.
Усе сыны твае будуць вучыцца ў Пана,
і поспех сыноў тваіх будзе вялікі;
на справядлівасці будзе твой моцны падмурак.
Ты пазбудзешся ўціску, бо не будзеш баяцца,
пазбудзешся жаху, бо ён не падыдзе да цябе.
Гэта слова Божае.
а4 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Узвялічу Пана, бо Ён мяне збавіў.
2. Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў *
і не дазволіў ворагам маім пацяшацца з мяне.
4. Пане, Ты вывеў з адхлані душу маю, *
Ты ўратаваў жыццё маё сярод тых, хто сыходзіць у магілу.
Рэфрэн:
5. Спявайце Пану вы, Ягоныя верныя, *
памятайце пра святасць Ягоную.
6. Бо гнеў Яго трывае імгненне, †
а ласкавасць Яго — усё жыццё. *
Увечары прыходзіць плач, а раніцай — радасць.
Рэфрэн:
11. Пачуй, Пане, і злітуйся нада мною, *
Пане, будзь мне дапамогай!
12. Ты нараканне маё замяніў на танец. *
13. Пане, Божа мой! Буду хваліць Цябе вечна.
Рэфрэн:
аПЯТАЕ ЧЫТАННЕ
Прыйдзіце да Мяне, і жыць будзе душа ваша. І дам вам запавет вечны
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:
Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў.
І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце.
Ідзіце купляйце без срэбра
і без платы за віно і малако.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое,
што не ёсць хлебам,
а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца?
Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро,
і няхай душа вашая нацешыцца тукам.
Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне,
паслухайце і жыць будзе душа ваша.
І дам вам запавет вечны — нязменныя ласкі для Давіда.
Вось я ўчыніў яго для народаў сведкам,
правадыром і настаўнікам для народаў.
Вось ты паклічаш народ, якога не ведаў,
і народы, якія не ведалі цябе, пабягуць да цябе,
дзеля Пана Бога твайго
і Святога Ізраэля, бо Ён уславіў цябе.
Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе,
клічце Яго, пакуль Ён блізка!
Няхай бязбожны пакіне шлях свой,
а чалавек беззаконны — свае намеры;
няхай вернецца да Пана, і Ён змілуецца над ім,
да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне.
Бо мае думкі — гэта не вашыя думкі,
і вашыя шляхі — не мае шляхі, — кажа Пан.
Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю,
так шляхі мае — над шляхамі вашымі,
і думкі мае — над думкамі вашымі.
Падобна як дождж і снег падае з неба
і туды не вяртаецца,
але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай,
і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту
і хлеб для таго, хто есць,
так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх,
не вернецца да Мяне без плёну,
пакуль не споўніць тое, што Я хацеў,
і з поспехам дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго.
Гэта слова Божае.
а5 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Будзеце чэрпаць з крыніцаў збаўлення.
2. Вось Бог — маё збаўленне, †
на Яго спадзяюся і баяцца не буду. *
Бо Пан — мая моц і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
3. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду *
з крыніцаў збаўлення.
Рэфрэн:
4. Праслаўляйце Пана, *
заклікайце імя Ягонае
і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *
нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.
Рэфрэн:
5. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, *
абвясціце гэта па ўсёй зямлі.
6. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *
бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.
Рэфрэн:
аШОСТАЕ ЧЫТАННЕ
Хадзі ў ззянні святла Пана
Чытанне кнігі прарока Баруха.
Слухай, Ізраэль, запаведзі, якія даюць жыццё, схілі вуха, каб спазнаць мудрасць.
Як сталася, Ізраэль, што ты знаходзішся ў зямлі ворагаў? Змарнеў ты ў чужой зямлі, лічаць цябе апаганеным, як мёртвых. Ты залічаны да тых, хто сыходзіць у адхлань. Ты пакінуў крыніцу мудрасці. Калі б хадзіў ты дарогай Божай, у спакоі жыў бы навекі. Пазнай, дзе мудрасць, дзе сіла і розум, і спазнаеш таксама, дзе доўгае і шчаслівае жыццё, дзе святло вачэй і спакой. Але ж хто знайшоў яе месца, хто ўвайшоў у скарбніцы яе?
Той жа, хто ведае ўсё, ведае яе і адшукае яе сваёй мудрасцю. Той, хто стварыў зямлю на вечныя часы і напоўніў яе чацвераногімі звярамі; хто паслаў святло, і яно пайшло, паклікаў яго, і яно паслухалася Яго з трымценнем. Зоркі радасна зіхацяць на сваіх вартах. Ён паклікаў іх, а яны адказалі: Вось мы. Яны з радасцю свецяць свайму Стварыцелю.
Ён Бог наш. І ніхто іншы не можа параўнацца з Ім. Ён знайшоў усе шляхі мудрасці і даў яе слузе свайму, Якубу, і Ізраэлю, умілаванаму свайму. Пасля з’явілася яна на зямлі і пасялілася сярод людзей. Гэтай мудрасцю ёсць кніга запаведзяў Божых і Закон, які трывае навекі. Кожны, хто яго захоўвае, жыць будзе. Хто яго адкідвае, памрэ.
Вярніся, Якубе, трымайся яго, хадзі ў ззянні яго святла. Не давай славы сваёй чужынцу, ні прывілеяў тваіх іншаму народу. Шчаслівыя мы, Ізраэль, бо ведаем тое, што падабаецца Богу.
Гэта слова Божае.
а6 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пане, Ты маеш словы вечнага жыцця.
8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.
Рэфрэн:
9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.
Рэфрэн:
10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.
Рэфрэн:
11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.
Рэфрэн:
аСЁМАЕ ЧЫТАННЕ
I акраплю вас вадою чыстаю, і дам вам сэрца новае
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
I скіравана было слова Божае да мяне: Сыне чалавечы, дом Ізраэля жыў на зямлі сваёй і зганьбіў яе паводзінамі і ўчынкамі сваімі. I Я спаслаў на іх гнеў Мой за тое, што пралівалі кроў на зямлю і знеслаўлялі яе ідаламі сваімі. I раскідаў іх сярод народаў, і яны рассеяліся па землях. Я судзіў іх паводле іхніх паводзінаў і ўчынкаў. I прыйшлі яны да народаў, да якіх пайшлі, і ганьбілі імя Маё, бо казалі пра іх, што гэта народ Пана і што з зямлі Ягонай выйшлі яны. I пашкадаваў Я святое імя сваё, якое зняславіў дом Ізраэля сярод народаў, да якіх прыйшоў.
Таму скажы дому Ізраэля, што так гаворыць Пан Бог: Не дзеля вас Я зраблю гэта, а дзеля Майго святога імя, якое зганьбілі вы сярод народаў, да якіх прыйшлі. I асвячу вялікае імя Маё, зняслаўленае сярод народаў, у якіх вы зганьбілі яго, і даведаюцца народы, што Я — Пан, — кажа Пан Бог, — калі Мая святасць праявіцца ў вас перад вачыма іхнімі. I Я вазьму вас з народаў, і збяру з усіх земляў, і прывяду вас у зямлю вашую. I акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад ўсяго бруду вашага, і ад ўсіх ідалаў вашых ачышчу вас. I дам вам сэрца новае і дух новы — у нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. I дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх. I будзеце жыць на зямлі, якую Я даў айцам вашым, і будзеце народам Маім, і Я буду вашым Богам.
Гэта слова Божае.
а7 РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Душа мая, Божа, прагне Цябе.
3. Душа мая прагне Бога, *
Бога жывога,
калі я пайду *
і з’яўлюся перад Божым абліччам?
Рэфрэн:
5. Я ўваходзіў са святочнай грамадой *
у цудоўны шацёр, у Дом Божы
сярод воклічаў радасці *
і з падзякаю.
Рэфрэн:
3. Пашлі святло Тваё і Тваю праўду, *
няхай яны мяне вядуць,
яны прывядуць мяне на Тваю святую гару, *
і да Твайго жылля.
Рэфрэн:
4. Я прыйду да Божага алтара, *
да Бога радасці і вяселля майго,
і буду славіць Цябе на арфе, *
Божа, мой Божа.
Рэфрэн:
Чытаецца калекта і гімн « Хвала на вышынях Богу…»
аЭПІСТАЛА
Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога. Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Гэта слова Пана.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
1. Хваліце Пана, бо Ён добры, *
бо навекі міласэрнасць Ягоная.
2. Няхай скажа Ізраэль: *
Навекі міласэрнасць Ягоная.
Рэфрэн:
16. Правіца Пана ўзнялася высока, *
правіца Пана праявіла сілу!
17. Не памру, але жыць буду *
і абвяшчаць справы Пана.
Рэфрэн:
22. Камень, адкінуты будаўнікамі, *
стаў галавою вугла.
23. Пан учыніў гэта, *
і дзіўна яно ў вачах нашых.
Рэфрэн:
аЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД А
Ён уваскрос з мёртвых і вось апярэджвае вас у Галілеі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі мінула субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.
Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых і вось апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам.
І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю пабеглі паведаміць вучням Ягоным. І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: Вітайце. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Езус: Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць.
Гэта слова Пана.
аЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД В
Езус Назаранін, укрыжаваны, уваскрос
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
Калі мінула субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі пахучыя алеі, каб пайсці і намасціць Езуса. І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца, і кажуць між сабою: Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?
І паглядзеўшы, бачаць, што камень адсунуты, а ён быў вельмі вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся.
А ён кажа ім: Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма. Вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: Апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам.
Гэта слова Пана.
аЕВАНГЕЛЛЕ Ў ГОД С
Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы прыгатаваныя пахучыя алеі. І ўбачылі камень адсунуты ад магілы. Але, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса. Калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужчыны ў бліскучым адзенні. Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі: Сын Чалавечы павінен быць выданы ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне. І ўзгадалі яны словы Ягоныя, і вярнуліся ад магілы, і расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім. Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя Якубава; ды іншыя, што былі з імі, казалі пра гэта Апосталам. Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім.
Пётр жа ўстаў і пабег да магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ