Пошук


17.10.2012 14:58  

Неабавязковы ўспамін

Агульная Імша пра пастыраў: пра папу
(Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 1231)

КАЛЕКТА

Божа, шчодры на міласэрнасць,
паводле Тваёй волі святы Ян Павел ІІ, папа,
кіраваў усім Касцёлам, †
учыні, просім, каб дзякуючы яго навучанню
мы з надзеяй адкрылі нашыя сэрцы *
на дзеянне збаўчай ласкі Хрыста,
адзінага Адкупіцеля чалавека.
Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, *
Бог праз усе вякі вечныя.
aЛІТУРГІЯ СЛОВА

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Іс 52, 7-10

Убачаць усе межы зямлі збаўленне Бога нашага.

+ Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Якія прыгожыя на гарах ногі пасланца,
які абвяшчае мір, які нясе радасць
і абвяшчае збаўленне,
які кажа Сіёну: Валадарыць Бог твой!
Голас вартаўнікоў тваіх:
яны ўзнялі голас,
усе разам усклікаюць,
бо ўласнымі вачыма бачаць,
што Пан вяртаецца на Сіён.
Трыумфуйце, усклікайце разам,
разваліны Ерузалема,
бо суцешыў Пан народ свой,
адкупіў Ерузалем.
Пан адкрыў святое плячо сваё
перад вачыма ўсіх народаў;
і ўбачаць усе межы зямлі
збаўленне Бога нашага.

Гэта слова Божае.

aРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 96 (95), 1-2. 3 i 7. 8a i 10 (Р.: 3b)

Рэфрэн: Апавядайце між народамі пра цуды Пана.

1. Спявайце Пану новую песню, *
спявай Пану, уся зямля.
2. Спявайце Пану, слаўце Ягонае імя, *
абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне.

Рэфрэн:

3. Апавядайце між плямёнамі пра  славу Яго, *
паміж усімі народамі пра цуды Ягоныя.
7. Аддайце Пану, плямёны народаў, *
аддайце Пану славу і моц.

Рэфрэн:

8а. Аддайце Пану славу дзеля імя Ягонага. *
10. Кажыце між плямёнамі: Пан валадарыць.
Ён сусвет умацаваў, каб той не пахіснуўся. *
Ён будзе судзіць народы справядліва.

Рэфрэн:
aСПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Ян 10,14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — добры пастыр, – кажа Пан, –
і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 21,15-17

Пасі ягнят Маіх. Пасі авечак Маіх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі Езус аб’явіўся сваім вучням і паснедаў з імі, сказаў Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў сказаў яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе?» Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх».

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.