ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Трывалі ў малітве разам з Марыяй, маці Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі Езус узнёсся на неба, Апосталы вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці суботняй дарогі.
І калі ўвайшлі, падняліся ў святліцу, дзе знаходзіліся Пётр і Ян, і Якуб, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфеевы і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Вялікае ўчыніў мне Усемагутны.
Або: Благаслаўлёная Панна Марыя, якая насіла Сына спрадвечнага Айца.
46. У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана, *
47. і ўзрадаваўся дух мой
у Богу, маім Збаўцы.
Рэфрэн:
48. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, *
і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні.
49. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.
Рэфрэн:
50. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.
51. Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Рэфрэн:
52. Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
53. Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
Рэфрэн:
54. Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
55. як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою,
благаславёная Ты між жанчынамі.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ