Пошук

04.10.2010 01:00  
 
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Флп 3, 17 — 4, 1

Наша айчына знаходзіцца ў нябёсах

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас. Бо многія, пра каго  часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага. Іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іх — у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное.

А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць  сабе ўсё.

Таму, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7. 8–9 (Р.: 5b)

Рэфрэн: Ад усіх пагрозаў Пан вызваліў мяне.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
3. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

8. Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, *
і вызваляе іх.
9. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! *
Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Як 1, 12
Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне,
бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 12, 24–26

Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, памрэ, то прынясе багаты плён

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа