Пошук

06.07.2010 01:00  
Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным


ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Ян 4, 7–16

Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

     Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7. 8–9. 10–11 Р.: 2а або 9а)

Рэфрэн: Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы.
Рэфрэн: Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан.

2. Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы, *
хвала Яго заўсёды на маіх вуснах.
5. Панам будзе ганарыцца душа мая, *
няхай чуюць гэта пакорныя і няхай весяляцца.

Рэфрэн:

4. Узвялічвай Пана са мной, *
будзем узвышаць імя Яго разам.
5. Я шукаў Пана, і Ён пачуў мяне, *
і ад усіх пагрозаў вызваліў мяне.

Рэфрэн:

6. Гляньце на Яго і прасвятліцеся, *
і твары вашыя не спазнаюць сораму.
7. Вось няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў, *
і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Рэфрэн:

8. Анёл Пана аберагае тых, хто Яго баіцца, *
і вызваляе іх.
9. Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Пан! *
Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Рэфрэн:

10. Бойцеся Пана, Ягоныя святыя; *
бо той, хто баіцца Яго, не мае нястачы ні ў чым.
11. Дзікія звяры церпяць нястачу і голад, *
а тым, хто шукае Пана, не будзе неставаць ніякага дабра.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

 

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Ян 8, 12

Я — святло свету, — кажа Пан.
Хто ідзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 11, 19–27

Я веру, што Ты Месія, сын Божы

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Шмат хто з юдэяў прыйшоў да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.

Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?

Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 20.06.2022 23:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.