Я ведаю пра твой уціск і ўбоства
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога Яна.
Анёлу касцёла ў Смірне напішы:
Гэта гаворыць Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў: Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, але не з’яўляецца імі, а сінагогаю сатаны. Не бойся таго, што мусіш выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянец жыцця.
Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух гаворыць касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМРэфрэн: У рукі Твае, Пане, аддаю я дух мой.
3. Будзь для мяне каменнай цвярдыняй, *
домам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
4. Бо Ты мая скала і мая цвярдыня, *
дзеля імя Твайго кіруй мною і вядзі мяне.
Рэфрэн:
6. У рукі Твае аддаю я дух мой; *
Ты мяне адкупіў, Пане, Божа верны.
8. Весялюся і радуюся міласэрнасці Тваёй, *
бо глянуў Ты на няшчасце маё.
Рэфрэн:
16. У Тваіх руках дні мае, *
вызвалі мяне з рук ворагаў маіх і ганіцеляў.
17. Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *
збаў мяне ў сваёй ласкавасці.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Цябе, Пане, славіць войска мучанікаў, апранутае ў белыя шаты.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што свет узненавідзеў Мяне раней за вас. Калі б вы былі са свету, свет любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет і ненавідзіць вас.
Памятайце пра слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць. Але ўсё гэта будуць рабіць вам за імя Маё, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ