Абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго; каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, паводле спрадвечнага плану, які Бог здзейсніў у Езусе Хрысце, Пану нашым. У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца з надзеяй праз веру ў Яго.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМРэфрэн: Вусны справядлівага кажуць мудрасць.
3. Спадзявайся на Пана і чыні дабро; *
жыві на зямлі і захоўвай вернасць.
4. Радуйся ў Пану, *
і Ён споўніць жаданні твайго сэрца.
Рэфрэн:
5. Даручы Пану шлях свой, *
спадзявайся на Яго, і Ён сам будзе дзейнічаць.
6. Ён выведзе, як святло, тваю справядлівасць, *
і праўду тваю, як поўдзень.
Рэфрэн:
30. Вусны справядлівага кажуць мудрасць, *
і язык ягоны абвяшчае правасуддзе.
31. Закон Божы ў ягоным сэрцы, *
і не захістаюцца яго крокі.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ