ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Што беззаганнае — пра гэта думайце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Благаславі, душа мая, Пана.
1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.
Рэфрэн:
3. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
4. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.
Рэфрэн:
8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Не злуецца вечна *
і не палае гневам навекі.
Рэфрэн:
13. Як літуецца бацька над сынамі, *
так змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.
14. Бо Ён ведае, з чаго створаны мы; *
памятае, што мы з’яўляемся пылам.
Рэфрэн:
17. Міласэрнасць Пана спрадвеку *
і навекі над тымі, хто Яго баіцца;
і справядлівасць Яго над сынамі сыноў, *
18. над тымі, хто захоўвае Ягоны запавет.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Большы з вас няхай будзе слугою для вас, — кажа Пан, —
хто прыніжае сябе будзе ўзвышаны.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.
У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ