Я палюбіў яе больш, чым здароўе і прыгажосць
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Я маліўся — і было дадзена мне разуменне; я заклікаў — і сышоў на мяне дух Мудрасці. Я аддаў ёй перавагу над скіпетрамі і тронамі, і багацце нічым я палічыў у параўнанні з ёю. Я не параўноўваў з ёю каштоўных камянёў, бо ўсё золата перад ёю — нікчэмны пясок, а срэбра перад ёй, як бруд.
Я палюбіў яе больш, чым здароўе і прыгажосць, і больш хацеў бы мець яе чым святло, таму што бляск яе — непагасны.
Няхай бы даў мне Бог гаварыць з разуменнем, а думаць годна таго, чым адораны я, таму што Ён — правадыр мудрасці і той, хто папраўляе мудрых. Бо ў Ягоных руках і мы, і нашыя словы, усялякая разважлівасць і практычнае ўменне.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМРэфрэн: Навучы мяне Пане, Тваім пастановам.
9. Як юнак захавае беззаганным свой шлях? — *
Захоўваючы Твае словы.
10. Усім сваім сэрцам я Цябе шукаю, *
не дай мне адхіліцца ад Тваіх запаведзяў.
Рэфрэн:
11. У сэрцы маім я схаваў Тваё слова, *
каб не зграшыць перад Табою.
12. Благаслаўлёны Ты, Пане, *
навучы мяне Тваім пастановам.
Рэфрэн:
13. Я пералічваю сваімі вуснамі *
ўсе прысуды Тваіх вуснаў.
14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
адзін у вас Настаўнік — Хрыстус.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вы ж не дазваляйце называць сябе «настаўнік», бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе слугою для вас. Бо той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ